...Каб на вас напаў «дамбас»…
(
З сучаснага беларускага фальклёру)

Так павялося, што жылі на Данбасе хахлы, шахцёры і дамбасёры. Калі першае — народнасьць, другое — прафэсія, то трэцяе — стан сьвядомасьці, а дакладней, жаданьне ня быць ні першым, ні другім.

Па сутнасьці, дамбасёры — нашчадкі казацкай вольніцы, шахцёрскай упартасьці і наіўнага чаканьня, што «ўсё дасьць Масква».

А калі ня дасьць, то прынамсі пазбавіць ад кіеўскага «бюракрата», мясцовага «алігархата» і нялюбай «мовы». Дзіўны кактэйль з бунтарства і веры ў бясконцую расейскую «халяву»! Гэта на першы погляд Данбас — цэнтар украінскай «вандэі», а насамрэч — нечаканы, «перпендыкулярны» працяг кіеўскай рэвалюцыі ў рэчышчы, канкурэнтным Майдану. Каб было ня так, то Януковіч даўно б сядзеў у Данецку і рыхтаваў сваё «законнае» вяртаньне на кіеўскі «стол». Але ня вераць дамбасёры ні ў свайго былога атамана, ні ў новага ўкраінскага гетмана, а спадзяюцца толькі на «моц і праўду» крамлёўскага гаспадара. Яны ня першыя на гэтым зманлівым шляху (колісь і Хмяльніцкі прыхінуўся быў да «вялікарускага шчасьця»), аднак пераканаць верніка могуць не словы, а толькі самое жыцьцё. На жаль, сьмерць часта прыходзіць да таго, як мы пасьпяваем ўсьвядоміць свае фатальныя памылкі…

Калі з Украінай ўсё зразумала, то з намі не так адназначна і відавочна. Дзе знаходзіцца беларускі «Данбас»? Ці ёсьць шанец, што мы паўтарым лёс нашых паўднёвых суседзяў? Апошняе, на маю думку, мала верагодна, бо наша «вандэя» разлеглася ад Брэста да Хоцімска і ад Браслава да Брагіна, а галоўны «дамбасёр» даўно атабарыўся ў Мінску. Русіфікацыя Гародні, Гомеля ці Віцебска практычна ўсюдых падыходзіць да апошняй мяжы.

А галоўнае, што «данбаскі разлом», то бок, геапалітычны водападзел праходзіць… праз галовы нашых суграмадзян.

Беларускі «данбас» — паняцьце не геаграфічнае, а інтымна-псыхалягічнае. Бо кожны з нас носіць ў сабе (хто меншага, хто большага) — уласнага «дамбасёра». А ці ж можа левая паўкуля мозгу ваяваць з правай не пакідаючы межы адной галавы? Напэўна можа, але то будзе ўжо хвароба (накшталт падваеньня асобы) альбо ментальная «вайна» без танкаў і гармат. І калі ў той «вайне» ня лопне ваш чарапок, то пераможа толькі… сэрца. Бо сэрца цэльнае і больш чуйнае да гвалту і несправядлівасьці, і можа знайсьці выйсьце там, дзе халодны рацыяналізм і сьляпая ненавісьць спляліся ў «гордзіеў вузел» гарачай вайны.

«Беларус па духу, але не па мове». Не выключаю, што і такім можа быць вынік той духоўнай працы і сумоўя, што спрабуе рабіцца зараз і мусіць працягнуцца ў агляднай будучыні. І гэта лепш, чым горы мёртвых беларусаў (двух- ці аднамоўных) альбо мільёны амерыканскіх, польскіх ці аўстралійскіх грамадзян беларускага паходжаньня.

«Каго любіш? — Люблю Беларусь!»

Гэтыя простыя словы з пазамінулага стагодзьдзя сёньня ці не галоўная зброя супраць разбуральнай ненавісьці, што мэтастазамі прарастае ў нашых думках і набліжае да той мяжы, за якой пачынацца сапраўдны, незваротны «дамбас»… 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру