21 студзеня на сустрэчы з лідэрамі шэрагу пратэстанцкіх рэлігійных аб'яднанняў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Леанід Гуляка заявіў аб незаконнасці прымушэння да ўступлення ў грамадскія арганізацыі.

Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН паведаміў удзельнік сустрэчы, сакратар савета епіскапаў Аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Луканін.

Паводле яго слоў, Л.Гуляка раздзяліў занепакоенасць вернікаў рэкламай акультызму ў СМІ і зазначыў, што гэтыя праблемы неабходна разглядаць разам з пытаннямі засілля эротыкі і сексу на тэлебачанні.

У сустрэчы таксама ўдзельнічалі епіскапы Саюза евангельскіх хрысціян баптыстаў у Рэспубліцы Беларусь Мікалай Сінкавец і Канферэнцыі цэркваў хрысціян адвентыстаў сёмага дня ў Рэспубліцы Беларусь Маісей Астроўскі.

Нагадаем, што тыдзень таму епіскапы чатырох пратэстанцкіх аб'яднанняў заклікалі беларускія ўлады адмовіцца ад прымушэння да ўступлення ў Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, а таксама спыніць рэкламу акультызму ў СМІ.

БелаПАН

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру