"Улады разагналі акцыю бізнэсоўцаў". Сам гэты загаловак на сайце радыё "Свабода" падкрэсьлівае спэцыфіку айчыннага Залюстроўя. Болей нідзе ў сьвеце буржуазія не страйкуе, а тым болей ня тузаецца са спэцназам.

Зрэшты, гэта ў іх там — шаноўныя буржуа. А у нас — як былі ў вачох начальства "вашывымі блохамі", так дэ-факта і застаюцца.

Назіральнікі дружна адзначалі: падчас папярэдняй акцыі, 10 студзеня, уладу на нейкі час спаралізавала. На думку аналітыка Валера Карбалевіча, сілавікі маглі нават атрымаць пастфактум прачуханца на самым версе за "выяўленую слабасьць". 21 студзеня спэцназ пад асабістым кіраўніцтвам міністра Навумава без ваганьняў ужыў супраць "вашывых блохаў" сваю ўзорную вывучку. Брутальнасьць дазавалі, пераважаў адпрацаваны мэтад "выцісканьня".

Сама акцыя гэтым разам была, бадай, трохі меней шматлюднай. Усё ж далі свой плён прэвэнтыўная зачыстка ды запалохваньне іншымі шляхамі (праверкі, пагрозы адабраць ліцэнзіі і г.д. — бізуноў багата). Валер Карбалевіч прагназуе, што пратэсты "іпэшнікаў" пакрысе спадуць. Аўтар гэтых радкоў таксама пісаў яшчэ адразу пасьля папярэдняй акцыі, што надзеі тытульнай апазыцыі атрымаць шмат рэкрутаў для "гарачай вясны" могуць ня спраўдзіцца.

Рэч тут ня толькі ў рэпрэсіях, але і ў мэнтальнасьці дробных прадпрымальнікаў. "Наезды" на іх апошнія гады ўлада ладзіла пэрыядычна. І кожны раз спантанныя хваляваньні хутка згасалі. Бізнэсоўцы пачыналі звыкла шукаць абыходныя шляхі, каб уратаваць сваю справу. Дый іхнія работнікі не гатовыя рэшту жыцьця прысьвяціць палітычным барыкадам. Усё ж айчыннаму "бізнэс-пралетар'яту" (тэрмін Юр'я Дракахруста), кладучы руку на сэрца, ёсьць што страчваць, акрамя ўласных ланцугоў.

Зараз хтосьці зь цяжкім сэрцам рэгіструецца ПУПам, хтосьці афармляе сваіх найманых працаўнікоў як ІП. Карацей, кожны выкручваецца як можа. Буржуазны індывідуалізм, халера яго бяры! Частка бізнэсоўцаў, дарэчы, пасьля 10 студзеня выказвала незадаволенасьць менавіта тым, што іх пратэсты паспрабавала асядлаць тытульная апазыцыя. Маўляў, няма чаго нас у палітыку цягнуць!

У выніку гэтак сама, як з плошчы, "іпэшнікаў" пакрысе, але няўмольна выціскаюць зь іхняй эканамічнай нішы. Адных пашыхтуюць і абкладуць большымі падаткамі ў статуце юрыдычных асобаў, іншых проста выб'юць як непажаданых канкурэнтаў дзяржаўнага сэктару ды прыгрэтага бізнэсу.

Да сапраўднай грамадзянскай супольнасьці і да моцнай палітычнай самасьвядомасьці айчыннаму соцыюму яшчэ далекавата. Усе паасобку: сабе пад нос бурчаць, страціўшы льготы, пэнсыянэры; донары і чарнобыльцы спрабуюць пратэставаць "па сваёй лініі"; аўтаномна, засьцерагаючыся палітычных лёзунгаў, мкнуцца давесьці сваю праўду "іпэшнікі" і г.д. Зь іншага боку, стратэгі ў апазыцыйных штабах зазвычай плятуць пляны паводле ўласных каляндарных цыкляў… Кумулятыўнага эфэкту пакуль што няма. Чым і карыстаецца ўлада, ужываючы звыклы сілавы сцэнар.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру