Па адрасе i-army.org кожны ахвочы можа запісацца ў «Інфармацыйныя войскі Украіны». Віртуальны «прызыў» ладзіць Міністэрства інфармацыйнай палітыкі.
Інфармацыйны фронт міністэрства называе адным з асабліва важных у «гібрыднай» вайне Украіны і Расіі.
Канкрэтныя напрамкі дзейнасці «інфармацыйных войск» не акрэсленыя.
З пытаннямі прапанавана звяртацца на «сакрэтную скрыню» [email protected].
Як высветліла «Украінская праўда», першае заданне дабраахвотнікам даволі простае — запрасіць найбліжэйшых і найбольш надзейных сяброў на сайт. Наступныя заданні абяцаюць быць штодзённымі.
У міністэрстве адмовіліся каментаваць мэты праекту.
Аб жаданні стварыць «інтэрнэт-армію» у студзені 2015 года казаў міністр інфармацыйнай палітыкі Юрый Стэць. Ён казаў аб каардынацыйным цэнтры блогераў, які даносіў бы праўдзівую інфармацыю аб сітуацыі ў краіне.
***
На функцыянаванне Міністэрства інфармацыйнай палітыкі выдаткавана блізу 4 млн грывень (менш за 150 тысяч даляраў). Афіцыйна міністэрства пакуль не створанае.