А.Лукашэнка: да 1 лютага праект указа «Аб некаторых пытаннях долевага будаўніцтва» павінен быць дапрацаваны

Да 1 лютага 2008 года праект указа прэзідэнта Беларусі «Аб некаторых пытаннях долевага будаўніцтва» павінен быць дапрацаваны і ўнесены на подпіс кіраўніку дзяржавы. Адпаведнае даручэнне даў 21 студзеня Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады, на якой абмяркоўвалася сітуацыя на рынку долевага будаўніцтва жылля ў рэспубліцы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс‑службе прэзідэнта.

У Беларусі сістэмная работа па долеваму будаўніцтву жылля вядзецца з 1998 года. Аднак адсутнасць комплекснага рэгулявання гэтага працэсу прывяло да розных падыходаў рэгіёнаў і будаўнічых арганізацый у гэтай сферы і ўшчамленню інтарэсаў дольшчыкаў. Грамадзяне часта сутыкаліся з тым, што бударганізацыі парушалі заяўленыя тэрміны здачы дамоў у эксплуатацыю, значна павышалі кошт жылля непасрэдна ў працэсе яго будаўніцтва. Шмат нараканняў выклікала і якасць жылля, якое ўзводзіцца.

У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць удасканалення заканадаўства ў гэтай сферы. Экспертамі ўрада і Адміністрацыі прэзідэнта быў распрацаваны пералік мер, што рэгламентавалі праваадносіны забудоўшчыкаў і дольшчыкаў і накіраваны, перш за ўсё, на абарону правоў грамадзян. У чэрвені 2006 года быў прыняты ўказ нумар 396 «Аб долевым будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў», якім былі ўведзены жорсткія нормы дзяржрэгулявання, у тым ліку ў частцы захавання нязменнага кошту жылля ў працэсе будаўніцтва.

Аднак у рэальнасці ўзмацненне жорсткасці на рынку долевага будаўніцтва прывялі да таго, што будаўнічыя арганізацыі страцілі камерцыйны інтарэс: бо нават па аб’ектыўных прычынах, звязаных, напрыклад, з падаражэннем будаўнічых матэрыялаў, немагчыма было ажыццяўляць карэкціроўку цэн для дольшчыкаў. У выніку долевае будаўніцтва ў рэспубліцы было практычна спынена. А гэта, у сваю чаргу, выклікала значны рост цэн на рынку другаснага жылля. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць зноў вярнуцца да разгляду праблем долевага будаўніцтва ў Беларусі на ўзроўні прэзідэнта.

Як падкрэсліў у час нарады кіраўнік дзяржавы, ва ўзнікшай сітуацыі вінаваты ўрад і Адміністрацыя прэзідэнта, якія не прадугледзелі ўсе наступствы раней прапанаваных мер.

«Чаму так адрэгулявалі, што долевае будаўніцтва было згорнута і грамадзяне былі пазбаўлены магчымасці ўдзелу ў ім?» — задаў рэзоннае пытанне Аляксандар Лукашэнка.

«Няма неабходнасці гаварыць, што будаўніцтва жылля ў Беларусі яшчэ доўга будзе прыярытэтам. Гэта не толькі вырашэнне галоўнай праблемы для грамадзян, але і добры лакаматыў для развіцця эканомікі», — падкрэсліў прэзідэнт.


Аляксандар
Лукашэнка

Сёння ў Беларусі, паводле яго слоў, неабходна нарошчваць аб’ёмы будаўніцтва жылля, у тым ліку за кошт зберажэнняў грамадзян. У сувязі з гэтым вельмі важна прадаставіць будаўнічым арганізацыям магчымасць умацоўваць матэрыяльна‑тэхнічную базу. Будаўнікі павінны мець пэўны зазор у цэнаўтварэнні, права карэкціраваць цану ў рамках інфляцыі, лічыць прэзідэнт. Адпаведныя карэкціроўкі неабходна ўнесці ў дзеючыя нарматыўна‑прававыя дакументы, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак у аснову беларускага заканадаўства аб долевым будаўніцтве жылля неабходна закласці інтарэсы грамадзян, перакананы прэзідэнт.

«Важна знайсці залатую сярэдзіну, што задаволіла б і будаўнікоў, і грамадзян, якія ўдзельнічаюць у долевым будаўніцтве. Яны плацяць грошы, а таму павінны ведаць, якой якасці будзе тавар, у якія тэрміны і па якому кошту», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У час нарады былі дэталёва прааналізаваны прычыны, што перашкаджаюць развіццю рынку долевага будаўніцтва ў рэспубліцы. Удзельнікі мерапрыемства выказалі свае прапановы па праекту ўказа «Аб некаторых пытаннях долевага будаўніцтва», які павінен стаць імпулькам для «размарожвання» ўзнікшай сітуацыі.

У ліку плануемых новаўвядзенняў — памер прыбытку забудоўшчыка не павінен перасягаць 5 працэнтаў ад каштарыснай вартасці аб’екта долевага будаўніцтва адносна жылля, што будуецца для грамадзян, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. На жыллё для тых, хто такімі не з’яўляюцца, гэта норма не распаўсюджваецца.

Карэкціроўка цаны ў ходзе будаўніцтва магчыма толькі ў выпадку змянення ў адпаведнасці з заканадаўствам статыстычных індэксаў у сувязі з падаражэннем будаўніча‑мантажных работ або змянення заканадаўства аб выплаце ўскосных падаткаў.

Як варыянт разглядалася магчымасць павелічэння цаны на жыллё, што будуецца, у адпаведнасці са змяненнем тэхнічных нарматыўных прававых актаў.

Як было адзначана, сёння ў сярэднім квадратны метр жылля, якое ўзводзіцца для тых, хто мае патрэбу, каштуе $490. Адным са спосабаў недапушчэння рэзкага росту цэн у сферы жыллёвага будаўніцтва дзяржава бачыць у павелічэнні аб’ёмаў будаўніцтва жылля. Плануецца, што да 2010 года ў гарадах не менш за 80 працэнтаў ад агульнага аб’ёму ўзводзімага жылля будзе адводзіцца для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэта ж датычыцца і долевага будаўніцтва.


Пётар Пракаповіч

Натальля Пяткевіч

Леанід Анфімаў
Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч падкрэсліў, што ў Беларусі аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва «неабходна павялічыць у 2‑3 разы». Праект указа, што разглядаецца, садзейнічае гэтаму, лічыць Пётр Пракаповіч. Галоўнае тут — прынцыповы і добрасумленны падыход з боку выканкамаў.

Каб скараціць перадумовы для магчымага падаражэння кошту жылля ў працэсе будаўніцтва, дагаворы з дольшчыкамі павінны заключацца толькі пасля таго, як будуць вырашаны ўсе праектна‑каштарысныя пытанні, перакананы Пётр Пракаповіч. Такім чынам, будаўнікі не змогуць перакладваць на плечы дольшчыкаў аплату недапрацовак і недахопаў праекціроўшчыкаў або геадэзістаў.

Прэзідэнт падтрымаў думку намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч, якая выступіла за скарачэнне колькасці тэхнічных умоў, што даюць магчымасць узнімаць цану ў працэсе будаўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўказ наогул павінен прадугледжваць мінімум акалічнасцей, узнікненне якіх будзе лічыцца падставай для падаражэння долевага будаўніцтва.

У час абмеркавання намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Леанід Анфімаў выказаўся супраць устанаўлення абмежаванняў узроўню рэнтабельнасці пры будаўніцтве жылля для грамадзян, якія не стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Адбылася таксама дыскусія па агульных пытаннях жыллёвага будаўніцтва. Гэтай тэматыцы будзе прысвечана асобная нарада ў прэзідэнта Беларусі. Як было адзначана, сёння даволі востра стаіць праблема адтоку за мяжу спецыялістаў, занятых у сферы будаўніцтва. У якасці аднаго з варыянтаў у сувязі з гэтым Пётр Пракаповіч прапанаваў адмяніць нарміраванне заработнай платы ў будаўніцтве. Гэта дасць магчымасць бударганізацыям павялічваць зарплаты сваім супрацоўнікам у залежнасці ад атрыманага прыбытку і павысіць у спецыялістаў зацікаўленасць працаваць у сваёй краіне, а не выязджаць некуды на заработкі.

Падводзячы вынікі абмеркавання, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў:

«Долевае будаўніцтва павінна быць адроджана ў бліжэйшы час. Тое, што новы дакумент будзе падпісаны толькі ў гэтым годзе, — вялікі недахоп. Безумоўна, будаўнікам трэба менш даваць пралазаў для павышэння кошту жылля. І там, дзе мы можам дапамагчы насельніцтву, — дапамагчы трэба. Але калі мы недзе «заціскаем» эканоміку, неабходна прыняць тэрміновыя меры».

Кіраўнік дзяржавы даручыў Наталлі Пяткевіч і Пятру Пракаповічу на працягу года ажыццяўляць дакладны маніторынг рэалізацыі ўказа і далажыць аб рэзультатах па выніках 2008 года.

Паводле БЕЛТА

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна