Даўно не быў на рынку ў Барысаве, а ў нядзелю трэба было з’ездзіць з вёскі ў Стары горад па камбікорм для курэй. Вось і па гандлёвых шэрагах прагуляўся. Гэтае торжышча у маім акружэнні, дарэчы, колькі сябе помню называлі толькі «базарам», хоць астатнія ўжо рынкамі.
Дык вось непрыемна быў уражаны вялікай колькасцю прадукцыі з надпісамі «Расія». І тут табе і сумкі, і шапкі, і спартыўныя касцюмы. Прычым вісяць на самым відным месцы. Купляйце, людзі добрыя, насіце на здароўе.
І прадаюць жа не в’етнамцы, якіх троху ёсць на гэтым базары, а свае, тутэйшыя. І ніякіх жа згрызот сумлення. А мы яшчэ перажываем, калі індывідуальным прадпрымальнікам пагаршаюць умовы працы…
Ніякай прадукцыі з беларускай атрыбутыкай, ужо не кажу пра нацыянальную, а пра дзяржаўную нідзе не пабачыў. Вось такі невялікі «рускі мір» у малым беларускім горадзе.





