Калі сябры ладзяць разьвітальную вечарыну з Робам, які сабраўся ў Японію, на Мангэтэн абрынаецца катастрофа. Захапіўшы відэакамэру, “бо людзям будзе цікава даведвацца, што адбываецца”, героі адпраўляюцца выратоўваць сяброўку Роба. Але іхні шлях пройдзе праз закалоты, сьмерць і пачварыньне…
Карціна “Монстра” рэжысэра Мэта Рыўза і ягонага прыяцеля прадусара Джэй Джэй Абрамса – гэта “Гадзіла”, зьнятая на ручную камэру пад хроніку 11 верасьня. Суб’ектыўная камэра для страшных фільмаў выкарыстоўвалася ў 70-ыя Руджэрам Дэадата і ў 90-ыя ў папулярным фільме “Ведзьма з Блэр”. Зь неахайнымі здымкамі экспэрымэнтавалі дацкія “Дагматыкі”
Але стваральнікі “Монстра” давялі прыёмы аматарскай камэры да нечуванае дасканаласьці. У "хранікальным" фільме-катастрофе ў ідэальнай прапорцыі прысутнічаюць усе элемэнты.
Ёсьць просты й эфэктыўны сюжэт з кананічнай атакай пачвараў на вялікі горад. Ёсьць выдатны прыём "фільму ў фільме" і камэра, што здымае паваленага апэратара.
Ёсьць цельпукаватыя героі, якім спачуваеш – і тое, што ролі граюць незнакамітыя акторы – вялікі плюс.
І ёсьць галоўнае: непэўнасьць, калі палохаюць намёкі, зьбялелыя ад страху твары, нямотнасьць і чалавечы крык.
Абяцаныя монстры ў фільме зьявяцца але ў неабходнай мінімальнай дозе (хаця стужка бяз іх была б зусім геніяльнай). Усе неабходныя жанравыя павароты зьдзейсьняцца. Але пераўтвораны ў жэле глядач – будзе ўпэўнены, што ўсё праўда. Што мы бачылі катастрофу на ўласныя вочы. Што самі падымаліся на хмарачос. І змагаліся са злом да апошняга.
Акрамя некананічнай аматарскай камэры Мэт Рыўз і Джэй Абрамз загадзя падкупілі гледача вірусным сецевым маркетынгам, калі самі заўзятары загадзя смакавалі карціну.
Фільм варта глядзець на вялікім экране з аб’ёмным гукам.





