Марская частка газаправоду Nord Stream павінна прайсьці ў тэрытарыяльных водах і выключна ў эканамічных зонах Расеі, Нямеччыны, Фінляндыі, Швэцыі і Даніі. Пабудова марской часткі газаправоду ад Выбаргу да Грайфсвальду павінна пачацца ў 2010 годзе. Да кастрычніка 2008 году Nord Stream мае намер атрымаць дазвол на будаўніцтва.
Акцыянеры праекту — «Газпром» (51%), BASF, E.ON (по 20%), Gasunie (9%).
Міністэрства навакольнага асяродзьдзя Фінляндыі прапануе правесьці дасьледаваньні альтэрнатыўнага маршруту на поўдзень ад абтоку Готланд. Але Nord Stream паведаміла пра тое, што ня будзе праводзіць вывучэньне альтэрнатыўнага шляху ў сувязі зь вялікім суднаходзтвам і вялікай колькасьцю розных ліній электраперадачы ў гэтым раёне.
Фінляндыя таксама заклікала разгледзець маршрут, пры якім частка газаправоду пройдзе сушай.
Раней супраць пракладаньня газаправоду па дне Балтыскага мора выказаліся краіны ўсходняй Балтыі — Эстонія, Латвія, Літва — і Польшча. Эстонія наагул забараніла дасьледаваць дно ў сваіх тэрытарыяльных водах, якое там больш роўнае і мае большую глыбіню, чым ля берагоў Фінляндыі.
Кіраўніцтва гэтых краінаў мяркуе, што пракладаньне газаправоду па марскім дне дасьць Расеі магчымасьць газавага шантажу суседзяў.