5 снежня 2014 года грамадскі актывіст Васіль Парфянкоў выйшаў з горацкай турмы. Амаль адразу пасля гэтага хлопец разам з сям’ёй — жонкай і сынам — з’ехаў ва Украіну. Як высветлілася, Васіль запісаўся ў добраахвотны батальён Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Гэтымі днямі ён знаходзіцца ў адпачынку ў Кіеве, там яго заспеў званок карэспандэнта «НН».

Фота: intex-press.by.

Фота: intex-press.by.

«Беларусы былі заўсёды блізкія з Украінай. Гэта наш брацкі народ, таму я і вырашыў паехаць сюды. Стараюся дапамагаць, чым магу. Я праходжу службу ў батальёне АУН, у Песках пад Данецкам. Адбыў першую ратацыю – ад 14 студзеня да 14 лютага. На днях паеду назад.

Спачатку я хацеў ехаць на вайну з «Правым сектарам», але там пачалася нейкая папяровая валакіта. А ў батальён АУН я проста запісаўся, мяне адправілі ў вучэбку. Два тыдні я прабыў на гэтым вышкале, а пасля трапіў на фронт.

Не сказаў бы, што трапіў у самае пекла, але страляюць многа. Страляе артылерыя, «Грады». Непасрэднага візуальнага кантакту з праціўнікам няма. Яны працуюць здалёк артылерыяй.

У Песках знаходзіцца батальён «Правага сектару», АУН і частка 93-яй брыгады рэгулярнай украінскай арміі. У брыгады ёсць артылерыя, танкі. А ў нас аўтаматы, кулямёты, РПГ.

Я – радавы баец. Стралок. У мяне аўтамат.

Калі ва Украіне была яшчэ Аранжавая рэвалюцыя, то я ўступіў ва УНА-УНСО, трапляў да іх на трэніроўкі, таму зброю ў руках трымаць умею.

Я адзіны беларус у батальёне АУН. Але я ведаю, што ў «Правым сектары» ў Песках ёсць беларусы. Ды ўвогуле ва ўсіх добраахвотных батальёнах ёсць беларусы. Прычым не адзін і не два.

Страх з часам прытупляецца. Гэта першы тыдзень-два страшна, калі побач пачынае працаваць «Град»… Страшна, рэальна страшна. А потым усё менш звяртаеш на гэта ўвагу. Проста на аўтамаце шукаеш укрыццё, каб адседзець гэтыя залпы. Тут хутка вучышся. Галоўнае чуць, дзе ляціць, і ты будзеш ведаць, куды снарад прызямліцца. Усе дамы ў Песках разбітыя, але засталіся падвалы, добрыя, крэпкія, іх не прабівае «Град».

Пакуль што не збіраюся вяртацца ў Беларусь. Артыкул за наёмніцтва ў нас ніхто не адмяняў. А я тут не хаваўся асабліва. Пакуль нешта не пачне мяняцца ў нашай краіне, то вярнуцца не атрымаецца.

У батальёне ў мяне пазыўны «Сябра».

Што тычыцца ежы і рэчаў, то ў нас усяго хапае. Моцная падтрымка ад валанцёраў. Прывозяць цёплыя рэчы, хатнюю ежу, цеплавізары, прыцэлы начнога бачання. Усё ёсць у нас.

У добраахвотніцкіх батальёнах заробак не плацяць. Толькі ў «Айдары» і «Данбасе», якія падпарадкоўваюцца Міністэрства ўнутраных справаў і абароны, то ім налічваюцца заробкі ад міністэрстваў.

Грамадзянства мяняць не збіраюся. Я быў, ёсць і буду беларусам. Але падалі дакументы на від на жыхарства ва Украіне.

Літаральна ўчора званіў хлопцам у батальён. Кажуць, што крыюць «Градамі» трэцюю ноч запар. Кажуць, не атрымліваецца выйсці нават вады набраць з калодзежу – пастаянныя абстрэлы. А ўкраінскія войскі выконваюць перамір’е. Практычна не страляюць з цяжкага ўзбраення».

Парфянкоў быў удзельнікам Плошчы-2010, асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі, але ўжо ў жніўні 2011 быў памілаваны. Пазнейшае зняволенне Васіля Парфянкова было звязанае з парушэннем прэвентыўнага нагляда, якое замацоўвалася за ім пасля вызвалення з турмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?