Для Беларусі і Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы наспеў час «глядзець у адным напрамку, пабудаваць заснаванае на ўзаемным даверы сумленнае і адкрытае супрацоўніцтва», гаворыцца ў заяве спецдакладчыка ПАРЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні, якое распаўсюдзіла прэс-служба асамблеі па выніках яго візіту ў Мінск 25—26 лютага.

«Крокі наперад неабходныя, — заявіў Рыгоні. — Зразумела, што прынцыпы Рады Еўропы застануцца непарушнымі для нашай асамблеі. Пэўныя крокі, якія даказваюць сапраўдную гатоўнасць да дыялогу, добра вядомыя беларускаму кіраўніцтву і ўключаюць у сябе вызваленне ўсіх палітзняволеных і ўвядзенне мараторыя на смяротную кару з перспектывай яе адмены».

Як адзначае прэс-служба, на сустрэчах у Мінску Рыгоні абмеркаваў магчымасць запрашэння Беларусі для ўдзелу ў рэгіянальнай канферэнцыі «Імплементацыя права на свабодныя выбары: праблемы выканання выбарчага заканадаўства і павагі стандартаў Рады Еўропы», якую ПАРЕ плануе правесці 4—5 чэрвеня ў Парыжы. У ёй возьмуць удзел дэлегацыі з Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы і Украіны.

Рыгоні таксама прыняў да ўвагі магчымае запрашэнне ПАРЕ назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў лістападзе 2015 года.

Ён таксама сустрэўся з лідарамі беларускай апазіцыі, незалежнымі журналістамі і праваабаронцамі, наведаў інфапункт Рады Еўропы ў Мінску і пагутарыў са студэнтамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?