Апошнім часам розныя настольныя гульні на беларускай мове сталі вельмі папулярнымі. Ужо існуюць гістарычная «1514», «Яшчарка» і гульня «Разам», у якой трэба адгадваць словы. Зараз у продажы з'явіўся «Казачнік», які па сваім алгарытме нагадвае папулярную «Dixit». Аўтар і выканаўца ідэі - Зміцер Афанасенка, спявак гурта «Амарока».

Гэтая гульня пабудаваная на асацыяцыях. Правілы ў яе даволі простыя: кожны удзельнік напачатку мае 6 картак з малюнкамі і адну каляровую фішку ў выглядзе казы. Першы, хто ходзіць (Казачнік), выкладае любую сваю картку выявай уніз і называе слова ці фразу, з якой малюнак на картцы асацыюецца. «Там, дзе ў полі вярба», напрыклад. Астатнія ўдзельнікі глядзяць на свае карткі, абіраюць тую, малюнак на якой найбольш пасуе да поля ды вярбы і таксама кладуць па адной на стол. Затым Казачнік, той, хто хадзіў першым, пераварочвае карткі. Задача гульцоў - здагадацца, якую картку паклаў Казачнік. Калі хтосьці з гульцоў здагадваецца, яму налічваюцца балы, таксама балы атрымлівае Казачнік, затым яго ролю выконвае наступны. Фішка ў выглядзе казы патрэбная для таго, каб перамяшчаць яе па полі з лічбамі і тым самым адсочваць свае балы. 

Асаблівасць гульні не толькі ў тым, што яна беларускамоўная, на картках — малюнкі сучасных беларускіх мастакоў Ганны Сілівончык, Паўла Кульшы, Галіны Івановай ды Юрыя Падвербнага.

«Спачатку я ўвогуле сумняваўся, што знайду мастакоў для сваёй задумы, — распавядае Зміцер. — Пашукаў па архівах, па сайтах. Палова адразу адмовіліся, але чатырох я знайшоў, і далей мы разам абіралі малюнкі. Трэба было, каб малюнкі былі не вельмі абстрактнымі, каб было шмат дэталяў, за якія падчас гульні можна зачапіцца. Пасля прыйшлося вырашаць пытанне з фішкамі, бо далёка не паўсюль ёсць лазер, які змог бы зрабіць такія дробныя фігуркі. Але я заўважыў, што калі бярэшся за нейкую справу з ахвотай ды імпэтам, то патрэбныя людзі знаходзяцца самі. Ідэя прыйшла мне ў галаву месяцы два таму, і вось сёння мы ўжо трымаем у руках гатовую гульню».

Змітру дапамагалі знаёмая дызайнерка ды сябры з «Арт-сядзібы», а першымі «бэта-тэстэрамі» былі сваякі, якія дапамагалі перарабіць некаторыя дэталі і зрабіць гульню больш дасканалай. Але асноўную працу Афанасенка рабіў сам, нават фарбаваў фігуркі пры дапамозе балончыкаў ды ўручную клеіў налепкі.

Гуляць у «Казачніка» могуць ад 3 да 6 чалавек, па часе гульня займае каля 30-50 хвілін. Пакуль выйшла ўсяго 20 асобнікаў, але калі будзе попыт, то наклад плануецца павялічыць.

Каштуе гульня 290 тысяч, знайсці яе можна ў інтэрнэт-крамах symbal.by ды prastora.by

«Зараз мы плануем зладзіць прэзентацыю на курсах «Мова Нанова» у Маладзечна, — дзеліцца планамі Зміцер, — а таксама штопятніцу тут, у «Арт-сядзібе», будзем ладзіць мерапрыемствы для аматараў настольных гульняў. На наступным тыдні, 6 сакавіка, будзем гуляць у «Казачніка», пасля, напэўна, будуць і «1514», і «Яшчарка».

Таксама Зміцер кажа, што ў яго з'явілася ідэя яшчэ адной настолкі, на гэты раз — эканамічнай. За аснову будзе ўзятая мапа Мінска часоў ВКЛ.

«Цяпер моладзі ўжо не так цікава сядзець у інтэрнэце, — падсумоўвае аўтар «Казачніка». — Куды цікавей развіртуальвацца, вандраваць з сябрамі, хадзіць на моўныя курсы ды збірацца ў вялікіх кампаніях, каб правесці цікава час. Думаю, новыя настольныя гульні ім у гэтым дапамогуць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?