Samsung Galaxy S6 і S6 Edge

Samsung Galaxy S6 і S6 Edge

Напярэдадні выставы Mobile World Congress у Барселоне Samsung на ўласным мерапрыемстве прадставіў свае флагманскія смартфоны 2015 года. Дзве мадэлі адрозніваюцца толькі бакавінамі: Galaxy S6 мае загнуты на абедзве бакавіны экран.

Новыя смартфоны Samsung маюць перароблены дызайн. Цяпер не толькі пярэдні, але і задні бок пакрыты калёным шклом Gorilla Glass. Ад пластыку ў корпусе карэйцы адмовіліся практычна цалкам: тарцы выкананыя з металу.

Па дызайне S6 нагадвае байструка iPhone 4 і iPhone 6, але мае і ўласныя фірмовыя рысы.

Galaxy S6 і iPhone 6

Galaxy S6 і iPhone 6

Galaxy S6 і Galaxy S5

Galaxy S6 і Galaxy S5

Сярод «уласных» — выцягнутая кнопка Home пад экранам альбо квадратнае «вочка» задняй камеры. Шкляная задняя крышка сустракалася як у iPhone 4, так і ў многіх смартфонаў Sony. Бакавіны «пад шосты айфон» ужо прысутныя ў многіх «безыменных кітайцаў».

Экран S6 Edge загнуты так жа, як і ў леташняга Galaxy Note 4 Edge — толькі ў абодва бакі.

Загнуты экран дае дадатковую функцыянальнасць: на ім па выбары карыстальніка могуць размяшчацца кнопкі альбо дадатковая інфармацыя. Напрыклад, падчас гульні інфармацыя аб тэлефанаванні адлюструецца на бакавіне. Таксама на бакавіну можна вывесці гадзіннік альбо нават лінейку.

Праз «модныя» карпусы смартфоны згубілі тры важныя рысы: устойлівасць да вады, здымкую батарэю і слот для картак памяці.

Кнопка Home не змяніла дызайн, але па функцыянале наблізілася да таго ж iPhone 6. Інтэграваны ў яе сканер адбіткаў пальцаў цяпер працуе нават калі не правесці, а лёгка націснуць пальцам на кнопку.

Таўшчыня смартфонаў адчувальна зменшылася — да 6,8 мм, на 0,1 мм танчэй за iPhone 6. Вага — 138 грам.

З дапамогай сканеру адбіткаў пальцаў ды тэхналогій NFC і MST (Magnetic Secure Transmission) цяпер можна здзяйсняць бесправадныя плацяжы праз сістэму Samsung Pay. Карэйцы знайшлі цікавы спосаб абагнаць сістэму канкурэнта Apple Pay.

Galaxy S6 з братам праз тэхналогію MST умеюць працаваць «па паветры» са звычайнымі тэрміналамі пластыкавых картак з магнітнай паласой.

Па сцверджаннях Samsung, каля 90% крамаў у ЗША ўжо гатовыя да тэхналогіі Samsung Pay. Ад карыстальніка трэба адно — «прывязаць» сваю картку да смартфона. Перад плацяжм трэба пацвердзіць сваю асобу праз сканер адбіткаў пальцаў. Samsung Pay пачне працаваць у ЗША і Паўднёвай Карэі ўжо гэтым летам.

Флагманы Samsung атрымалі традыцыйна топавае «жалеза» — адзін з самых магутных на сёння працэсараў, самы дэтальны экран, самую «наварочаную» камеру.

Samsung вырашыла адмовіцца ад працэсараў Qualcomm (па чутках — праз перагрэў найноўшых Snapdragon) і выпусціць толькі версіі з уласнымі працэсарамі Exynos 7240. Новы 8-ядзерны 64-бітны працэсар Samsung выкананы па 14 нм-тэхпрацэсу. Аператыўнай памяці на борце 3 Гб, унутранай — 32, 64 альбо 128 Гб (нагадаем, слоту для картак памяці няма).

Дысплэй смартфонаў мае дыяганаль 5,1 цаляў і разрозненне 2k (2560х1440), што дае найвышэйшую выразнасць выявы ў 577 кропак на цалю — асобныя пікселі няўзброеным разглядзець немагчыма (ды і з лупай — цяжка).

Асобны гонар Samsung — камеры, якія на прэзентацыі кампанія не саромелася параўноўваць з камерамі iPhone.

Задняя камера мае разрозненне 16 мегапікселяў, паскораны аўтафокус, двайную ўспышку. Яна запускаецца за рэкордныя 0,7 секунды, выклікаць яе можна двайным націсканнем на кнопку Home. Франтальная камера мае разрозненне 5 Мп.

Смартфоны працуюць на Android 5.0 Lollypop. Фірмовых дадаткаў Samsung паменала, але з’явіліся ад Microsoft.

Ад Samsung застаўся «аблегчаны» фірмовы інтэрфейс TouchWiz ды праграмы Samsung Pay I Samsung Health. Ад Microsoft — воблачнае сховішча OneDrive (даецца 115 Гб на два гады), OneNote і Skype.

Смартфоны маюць меншы за папярэднікаў акумулятар, 2550 і 2600 мАг у S6 і S6 Edge адпаведна.

Скампенсаваць не самыя вялікія акумулятары пры магутным «жалезе» мусяць інтэграваная бесправадная зарадка і магчымасць звышхуткай зарадкі па кабелі (кажуць аб 4 гадзінах працы за 10 хвілін зарадкі).

Смартфоны будуць прадавацца ў белым, чорным і залацістым. S6 таксама будзе мець сіні варыянт корпусу, S6 Edge — зялёны.

Да смартфонаў будзе выпушчаная адмысловая версія шлема Galaxy VR. Дастаткова ўставіць у яго смартфон — атрымаецца шлем віртуальнай рэальнасці, выява з якога будзе ўспрымацца трохвымяровай.

Апараты з’явяцца ў продажы на 20 буйных рынках 10 красавіка. Цана афіцыйна не названая.

Па чутках, Galaxy S6 з мінімальным аб’ёмам памяці будзе каштаваць у раёне 850 даляраў, S6 Edge — на 50-100 даляраў даражэй. Цэны на 128 Гб-версіі будуць вышэй за тысячу даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?