«Гарбатая гара» |
«Чатыры пяры» |
«Патрыёт» |
Вядомы актор Гіт Леджэр (Heath Ledger) знойдзены мёртвым у сваёй кватэры ў Нью‑Ёрку.
У паліцыі не выключаюць, што сьмерць актора можа быць зьвязаная зь перадазіроўкай лекамі.
Цела 28‑гадовага актора знайшла ў ягонай кватэры на Мангэтане пакаёўка. Побач зь целам былі параскіданыя мэдычныя прэпараты, пераважна таблеткі снатворнага, паведамляюць у нью‑ёрскай паліцыі. Перадазіроўку снатворнага цяпер называюць асноўнай вэрсіяй сьмерці. Якіх‑кольвек іншых дэталяў сьледзтва не паведамляе. У прэсе таксама зьвяртаюць увагу на тое, што апошнім часам у асабістым жыцьці Гіта Леджэра ня ўсё ладзілася — увосень ён расстаўся з сваёй сяброўкай, актрысай Мішэль Уільямс.
Народжаны ў Аўстраліі ў 1979-м, Гіт Леджэр пачаў здымацца, калі яшчэ быў падлеткам. Адной зь першых вядомых ягоных работ стала роль у фільме «Патрыёт», дзе ён граў разам зь яшчэ адным знакамітым аўстралійцам — Мэлам Гібсанам. За адну з галоўных роляў у фільме «Гарбатая гара» Гіта Леджэра намінавалі на прэмію «Оскар».
Апошняй працай актора стала роля Джокера ў фільме «Цёмны рыцар», які мусіць выйсьці на экраны гэтым летам.
На здымках — вобразы, створаныя Гітам Леджэрам у шырока вядомых мастацкіх фільмах.