23 студзеня ў Маскву выехала дэлегацыя на чале з міністрам эканомікі Беларусі Мікалаем Зайчанкам. Аб гэтым БелаПАН паведамілі ў прэс‑службе Мінэканомікі, аднак мэту паездкі раскрываць не сталі.

Між тым, некаторыя СМІ паведамілі, што мэтай паездкі беларускай дэлегацыі з’яўляюцца перамовы з ААТ «Газпром» аб цане на газ у 2009—2010 гадах. Так, крыніца ў органах дзяржкіравання агенцтва ПРАЙМ‑ТАСС паведаміла, што «раней бакі дамовіліся аб цане на прыродны газ для Беларусі на 2008 год. Цяпер беларускі бок мае намер зафіксаваць цану на 2009 і на 2010 гады». Паводле яго слоў, перамовы па гэтым пытанні прайшлі ў Маскве ў канцы снежня, бакі дамовіліся прадоўжыць абмеркаванне згаданай праблемы ў канцы студзеня 2008 года.

Аднак у «Газпроме» гэту інфармацыю не пацвердзілі. «Мы чулі, што міністр эканомікі Беларусі сапраўды знаходзіцца ў Маскве, але з якой місіяй, не ведаем», — сказаў БелаПАН супрацоўнік прэс‑службы расійскай кампаніі.

Нагадаем, згодна з пяцігадовым кантрактам, падпісаным 31 студзеня 2006 года, з 2008 года цана на газ для Беларусі будзе вызначацца па формуле, прывязанай да кошту нафтапрадуктаў на еўрапейскіх рынках. У 2008 годзе яна павінна скласці 67% ад цаны для еўрапейскіх спажыўцоў, у 2009‑м — 80%, у 2010‑м — 90%, у 2011‑м — 100% ад сярэднееўрапейскай цаны на газ за вылічэннем транспартных расходаў. У «Газпроме» паведамілі, што цана на газ для Беларусі будзе прывязана да цаны, якая вызначана для Польшчы.

21 снежня ў Маскве на рабочай сустрэчы старшыні праўлення ААТ «Газпром» Аляксея Мілера і першага намесніка прэм\’ер‑міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі была пацверджана ўзаемная прыхільнасць да выканання ўмоў кантракта паміж ААТ «Газпром» і ААТ «Белтрансгаз» ад 31 снежня 2006 года на пастаўку і транзіт газу ў 2007—2011 гдах. На сустрэчы зазначана, што цана газу «Газпрома» для Беларусі, згодна з кантрактнай формулай цаны, у I квартале 2008 года складзе 119 долараў за тысячу кубаметраў.

Натальля Кароткая, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0