Фінансавая міліцыя выкрыла кіраўніцтва слонімскай кампаніі ва ўтойванні банкруцтва, паведамілі ў прэс-службе Камітэта дзяржаўнага кантролю. 

Каб утаіць эканамічную неплацежаздольнасць і не страціць крыніцу асабістага абагачэння, кіраўніцтва фірмы амаль у сем разоў занізіла суму даўгоў.

«27-гадовая дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое спецыялізавалася на продажы прадуктаў харчавання, не здолеўшы разлічыцца з пастаўшчыкамі, вырашыла не звяртацца з адпаведнай заявай аб прызнанні таварыства банкрутам. Тым самым яна «паглыбляла» неплацежаздольнасць таварыства, аднак працягвала запэўніваць у хуткім пагашэнні даўгоў сваіх шматлікіх крэдытораў», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы КДК. 

У 2014 годзе адзін з іх падаў у эканамічны суд заяву аб прызнанні таварыства банкрутам. Суд прызначыў часовага кіраўніка, які і павінен быў высветліць рэальны стан прадпрыемства і магчымасць пагашэння даўгоў.

«У выпадку яўнай неплацежаздольнасці прадпрыемства да антыкрызіснага кіраўніка павінны былі перайсці ўсе функцыі па менеджменце таварыства, а ўбаку аказаліся б яго ранейшыя гаспадары. Такая перспектыва іх не задавальняла. Таму дырэктар і таваравед таварыства ў бухгалтарскіх дакументах для часовага кіраўніка ўказалі заніжаную ў разы суму даўгоў. Замест 1 млрд рублёў паказалі каля 150 млн рублёў крэдыторскай запазычанасці. Гэта было зроблена для таго, каб утаіць эканамічную неплацежаздольнасць і не страціць магчымасць асабістага абагачэння за кошт новых пастаўшчыкоў. Часовы кіраўнік убачыў непраўдзівасць дакументаў, у дачыненні да прадпрыемства пачалася працэдура банкруцтва», — паведамілі ў КДК. 

Фінансавая міліцыя дала працэсуальную ацэнку дзеянням службовых асоб таварыства, у дзеяннях якіх па ўтойванні эканамічнай неплацежаздольнасці бачыцца склад злачынства, які ўтрымліваеца ў арт. 239 КК (утойванне банкруцтва). Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?