tass.ru

tass.ru

Галоўнай навіной апошняга тыдня стала адсутнасць Уладзіміра Пуціна. Прэсавая служба супакойвае грамадства фармуліроўкай «прэзідэнт працуе над дакументамі», публіка ж усцешваецца рознымі версіямі.

Самая відавочная, калі адкласці ў бок афіцыйную, і яна ж для некаторых самая пажаданая — Пуцін сур’ёзна захварэў, і менавіта таму тэлевізар асірацеў. Падсаджаная на інфармацыйную іголку аўдыторыя не можа без «карцінкі», таму тэлебачанне паказвае архіўныя запісы сустрэч з чыноўнікамі.

Менавіта з кантролю над сродкамі масавай інфармацыі пачыналася станаўленне існуючага рэжыму. За 15 гадоў улада ўдасканаліла сістэму маніпулявання настолькі, што сапраўды незалежных СМІ не засталося, ім на змену прыйшло інфармацыйнае войска. Ягоную моц і ўздзеянне можа пабачыць на прыкладзе таго, з якой лёгкасцю літаральна за год братні ўкраінскі народ ператварыўся ў лютага ворага. Злосць і непрыязнасць настолькі праніклі ў эфір, што, здаецца, змрочная сіла тэлевізара пачала самастойна абіраць ахвяры. Напярэдадні забойства Нямцова быў анансаваны фільм, адным з герояў якога быў апазіцыйны палітык. Зараз паабяцалі фільм пра Крым і ролю ў ім самі здагадайцеся каго.

Але версія пра хваробу вельмі простая, каб быць праўдай, і, галоўнае, ўсё гэта не падобна да Пуціна, бо неяк звычайна.

Звышчалавек з коміксаў, а інакш тэлевізар яго і не малюе, так не сыходзіць. Лёс састарэлага супемэна з «Бэрдмэна» наўрад ці яму наканаваны. Больш імаверны сцэнар з «У нас ёсць Папа», дзе чалавечая стома і разгубленнасць апанаўваюць Папу Рымскага, і ён губляецца ў натоўпе. Варыянт цалкам чалавечны і ўвогуле магчымы. Самаўхіліцца ад улады — учынак мужны і, магчыма, адзіна верны. Лепш займацца на градах капустай, калі наладзіць сусветныя працэсы не ўдаецца.

Некаторыя мясцовыя канспіролагі наогул даводзяць сітуацыю да абсурду: прапануюць прыглядзецца да падліку наведвальнікаў мінскага метро. У Картасара ёсць апавяданне, у якім гаворка ідзе пра несупадзенне колькасці пасажыраў на ўваходзе і пры выхадзе. Для простага падліку не трэба вяртаць квіткі назад, дастаткова падлічыць колькасць праходу праз турнікеты. У апавяданні людзі знікаюць, каб жыць іншым жыццём у падземцы. Можа мэтай ўсяго гэтага падліку і быў пошук таго, хто заблытаўся ў містычным пераходзе паміж станцыямі «Старая плошча» і «Каменная Горка»?

Гэтыя ды іншыя версіі аб’яднаны думкай, што імгненнае знікненне Пуціна раптам усё выправіць. Спадзяванні грунтуюцца выключна на міласэрнасць лёсу, але не улічваюць прыроду адбудаванай сістэмы.

Мінулы 2014-ы стаў годам абсалютнай крышталізацыі персоны Пуціна. Не засталося больш адценняў і прымешкаў, у залежнасці ад палітычных поглядаў яго бачаць сусветным злом ці, наадварот, найлепшым з найлепшых.

Гісторыя ўжо аднойчы прадэманстравала магчымыя наступствы такой абсалютызацыі. Першая сусветная вайна і Версаль спарадзілі галоўнаю пачвару чалавецтва, Гітлера. Ён прыйшоў на запатрабаванне нямецкай большасці як увасабленне грамадскай замовы.

Падчас яго кіравання зло з канцлагерамі, масавымі забойствамі, вайной ды іншымі злачынствамі дасягнула максімуму, і менавіта гэта дало шанец зрынуць яго. Гітлер як максіма адмоўнага быў карысны менавіта такім, што дазволіла аб’яднаць сусветную супольнаць на барацьбу і зрынуць яго. Што было б, калі адзін са шматлікіх замахаў спраўдзіўся і да ўлады прыйшлі саратнікі фюрара па партыі, толькі больш гнуткія і хітрыя? Як найменш, вайна б зацягнулася, фашысцкая Германія, магчыма, атрымала б ядзерную зброю, нялюдская ідэалогія працягвала б існаваць, замаскавана, але дзейсна. Германіі, якую мы ведаем сёння, проста не было б… Была патрэбна жорсткая санацыя грамадства. Толькі пасля паразы немцы зразумелі, ў якую бездань уцягнуў іх нацысцкі важак.

Цяпер уявіце Расію: што зменіцца, калі Пуцін знікне? Да ўлады прыйдзе іншы чалавек з цяперашняй каманды, але настрой расіян не зменіцца, краіна і надалей будзе «ўставаць з каленаў», і рэваншысцкі «крымнаш» дазволіць рабіць, што заўгодна.

Спадзяванням на новага Хрушчова ці Гарбачова не наканавана спраўдзіцца, бо, ў адрозненне ад дня сёняшняга, ў 53-м ці 85-м у грамадстве быў вялікі запыт на «адлігу». Эліты і просты народ, стомленыя пасля войнаў і рэпрэсій, чакалі спакойнага, годнага жыцця. Узбуджаныя тэлівізарам расіяне сёння з усмешкай ўспрымаюць цяжкасці санкцый, нібы ў дзіцячай гульні з радасцю бяруць зброю ў рукі. Машыну нянавісці запыніць адным махам не ўдасца, думкі і мары «справядлівага» рэваншу застануцца і абавязкова будуць імкнуцца прыйсці ў дзеянне.

Простае знікненне Пуціна нічога не дае, бо не ліквідуе ўмовы, што прыводзяць да ўлады лідараў такога кшталту. Толькі дасягнуўшы дна, расіяне змогуць пазбавіцца Пуціна ў самым шырокім сэнсе. Без злому пануючай ідэалогіі і сапраўднага шчырага прабачэння з боку расіян за тое, што зроблена, зрабіць гэта будзе немагчыма.

У гэтай сітуацыі беларусам, украінцам ды іншым народам варта абапірацца выключна на сваю моц, не звяртаючы ўвагу на імя кіраўніка суседняй дзяржавы, бо пасля Пуціна магчымы толькі Пуцін. Зразумець, што латарэйны квіток не будзе выйсцем у сітуацыі, калі розыгрыш адбываецца ў звар'яцелым тэлевізары савецкай вытворчасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?