Украіна — бедная карумпаваная краіна, якая не мае і не мела грошай для развіцця Крыму (таксама як і іншых рэгіёнаў). Вялікай колькасці крымчанаў, сярод якіх большасць — этнічныя рускія, мабыць, было некамфортна ва ўмовах, калі адзіная дзяржаўная мова — украінская і калі ідэалогія ўкраінскай незалежнай дзяржавы супярэчыла звыкламу светапогляду многіх рускамоўных людзей старэйшага пакалення. Істотная частка насельніцтва Крыма, цалкам магчыма, была за далучэнне да Расіі. Усё гэта так. Але што па законе з гэтага павінна вынікаць? А нічога.

Бо дзяржаўныя межы па законе змяняюцца толькі ў адпаведнасці з дэмакратычнымі і сумленнымі рэферэндумамі, якія праводзяцца па выніках працяглай, спакойнай і падрабязнай дыскусіі і без умяшальніцтва трэціх краінаў.

Пагатоў без умяшальніцтва краіны, аб далучэнні да якой ідзе гаворка.

Перад вачыма процьма прыкладаў, як ідзе абмеркаванне і ўсенароднае волевыяўленне аб аддзяленні рэгіёнаў у развітых краінах: Шатландыя, Квебек, Каталонія. Там у кожным выпадку была шматгадовая актыўная дыскусія з разглядам усіх магчымых меркаванняў. Было і ідзе падрабязнае абмеркаванне ўсіх эканамічных аспэктаў магчымага аддзялення.

Багатая Каталонія не жадае карміць астатнюю Іспанію.

Шатландцы хочуць самастойна дабываць нафту ў Паўночным моры.

У той жа час у Крыме нават не падумалі пра тое, як у выпадку аддзялення ад Украіны быць з пастаўкамі электраэнэргіі і вады — якія цалкам ішлі і да гэтага часу працягваюць ісці менавіта з (астатняй) Украіны.

Бо Крым, аказваецца, быў перададзены УССР не таму, што Хрушчоў быў украінскі патрыёт, а таму што гэта дыктавала эканоміка.

«Рэферэндум» аб лёсе Крыму, які адбыўся 16 сакавіка 2014 году, быў ініцыяваны, арганізаваны і праведзены ў лічаныя дні. пытанні на ім былі сфармуляваныя так, што проста адсутнічала такая відавочная для любога рэферэндуму опцыя, як «пакінуць усё так, як яно ёсць».

Рашэнні пра незалежнасць і рэферэндум крымскі парламент прымаў, будучы акупаваным «ветлівымі людзьмі» — расійскім спецназам.

Не трэба быць юрыстам, каб разумець: так справы не робяцца.

Крымскі «рэферэндум» 2014 г. не проста не мае юрыдычнай сілы. Ён ёсць яшчэ большым фарсам, чым «рэферэндумы», арганізаваныя ў Беларусі ў 1995, 1996 і 2004 гадах.

Ніякая пагроза з боку якіхсь украінскіх нацыяналістаў ніякім аргументам для гэткіх відавочных парушэнняў закона быць не можа. Тым болей, што гэтай пагрозы не існавала ў прыродзе — калі меркаваць па тым, што рускамоўныя Харкаў, Днепрапятроўск, Херсон і іншыя рэгіёны як жылі спакойна, так і жывуць.

Расійскае тэлебачанне корміць гледача малюнкамі пра пагалоўнае і ўсенароднае жаданне жыхароў Крыма стаць часткай Расеі — маўляў, «ну і так жа ўсё зразумела». Але наколькі такое ўяўленне адпавядае рэчаіснасці?

Мяркуючы па ўсім, яшчэ на пачатку 2014 года ў Крыме мала хто нават задумваўся аб аддзяленні ад Украіны.

Даваенная сацыялогія сведчыць пра тое, што прыхільнікаў далучэння да Расеі ў Крыме была выразная меншасць. Радыкальная сепаратысцкая партыя Сяргея Аксёнава на крымскіх выбарах 2010 года наогул атрымала ўсяго 4% галасоў.

Каму б што ні хацелася, але Крым быў і дэ-юрэ застаецца міжнародна прызнанай часткай Украіны, што пацверджана кіпаю дакумэнтаў, падпісаных Расіяй пачынаючы з 1990 года. Гэткія ж дакументы гарантуюць расійскі статус Усходняй Прусіі і Курылаў. І дзіўна нават думаць — як можа Расія пасля Чачэнскіх войнаў і пасля сур'ёзных сепаратысцкіх рухаў у Татарстане, Якуціі і іншых рэгіёнах гуляцца ў небяспечныя гульні з перакройваннем дзяржаўных межаў?

Крым давядзецца вяртаць Украіне: з пункту гледжання закону гэта не можа быць прадметам абмеркавання.

Пытанне ляжыць толькі ва ўмовах і абставінах гэтага. Напэўна спатрэбіўся б гарантаваны статус для расійскай мовы, гарантыі бяспекі для масцовай эліты, шырокая аўтаномія. Цалкам верагодна, што спатрэбіўся бы працяглы, на некалькі гадоў, пераходны перыяд і «падвешаны статус» Крыма пад міжнародным мандатам, пасля чаго правядзенне нармальнага дэмакратычнага рэферэндуму. Для чаго спатрэбілася б змена Канстытуцыі Украіны, якая цяпер не прадугледжвае рэферэндумаў аб аддзяленні ў асобных рэгіёнах — і на такія змены ўкраінцам было б варта пайсці.

Але як пасля цяперашняга эмацыйнага прапагандысцкага ўсплёску тлумачыць непазбежнасць вяртання Крыма няшчасным расійцам і крымчанам — гэта ўжо расійская праблема. І гэта будзе сапраўды вельмі вялікая і вельмі сур'ёзная праблема.

Ну і як прынята на некаторых модных у нашым рэгіёне сайтах, пад канец — невялічкі музычны «акумпанемент»:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?