Беларуская мясная прадукцыя з свініны ў бліжэйшы час зможа вярнуцца на расійскі рынак. Пра гэта міністр сельскай гаспадаркі РФ Мікалай Фёдараў паведаміў у аўторак у Мінску пасля сумеснага пасяджэння калегіі.

Фёдараў адзначыў, што пастаўкі, перакрытыя пасля выпадкаў выяўлення ў прадукцыі беларускіх вытворцаў геному АЧС, могуць аднавіцца «цягам лічаных дзён».

«Леанід Канстанцінавіч [Заяц, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі] просіць цягам двух-трох дзён. Гэта рэальна. Хоць, магчыма, не на 100%», — адзначыў ён. Заяц дадаў, што разлічвае на станоўчае рашэнне, у прыватнасці, для вядучых прадпрыемстваў Беларусі — агракамбінатаў «Сноў» і «Белавежскі», Бярозаўскага мясакансервавага камбіната.

Сёння перад пасяджэннем сумеснай калегіі ў вузкім коле бакі абмеркавалі прычыны, па якіх да гэтага часу экспарт мясной прадукцыі з свініны быў абмежаваны.

«Абсалютна даверліва і па-таварыску жорстка паразмаўлялі», — прызнаўся Фёдараў, патлумачыўшы, што АЧС — праблема аб'ектыўна вельмі няпростая.

«Наша заканадаўства патрабуе, каб былі выяўлены прычыны з'яўлення геному АЧС у прадукце канкрэтнага завода — беларускага ці расійскага. Без выяўлення прычын з'яўлення рашэнне павісае ў паветры, і можна трымаць гэтую сітуацыю і год, і дзесяць гадоў. А нярэдка бывае, што амаль немагчыма выявіць прычыну з'яўлення [геному АЧС]. Нельга гадамі трымаць прадпрыемства ў такім становішчы, што яно не можа пастаўляць сваю прадукцыю. Трэба прымаць рашэнне», — заявіў міністр.

«Хутка, сёння-заўтра, яшчэ раз правераць гэтыя прадпрыемствы нашы спецыялісты — на экалагічную і ветэрынарную бяспеку. Калі гэтай пагрозы [АЧС] няма, гэта значыць прычына не выяўлена, то трэба прымаць рашэнне, якое дазваляе прадпрыемству працаваць і на знешні рынак», — растлумачыў Фёдараў.

Пры гэтым міністр сельскай гаспадаркі Расіі упэўнены, што ніякага мяснога канфлікту паміж Беларуссю і Расіяй не было.

«Былі патрабаванні наглядных органаў з пункту гледжання адпаведнасці ветэрынарным і іншым стандартам бяспекі. Кожны орган, і беларускі і расійскі, працаваў па сваіх нацыянальных стандартах. Але калі вы лічыце, што канфлікт быў, то ён пераадолены», — запэўніў ён.

Завяршаючы мясную тэму, Мікалай Фёдараў пахваліў беларускую харчовую прадукцыю: «Я вырас у Савецкім Саюзе. Я і мае знаёмыя па гадах студэнцтва любы беларускі прадукт успрымаем як вельмі якасны і смачны — са студэнцкіх гадоў гэтыя сімпатыі засталіся».

Паводле звестак Белстата, у 2014-м годзе Беларусь скараціла экспарт у Расію свініны амаль у чатыры разы - да 11,5 тыс. тон з 41,7 тысячы ў 2013-м годзе. У грашовым выразе пастаўкі ўпалі больш чым удвая - да 57,4 млн даляраў з 127,2 млн. Экспарт каўбасы скараціўся на 31% - да 47,2 тысячы тон, на 172,1 млн даляраў (мінус 32,6%).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?