Прадстаўнікам малога бізнесу Беларусі з невялікім абаротам прыйдзецца або сысці з рынку, або аб'яднацца, каб выжыць. Такое меркаванне выказалі прадпрымальнікі, якія прысутнічалі на нарадзе па пытаннях рэгулявання і развіцця асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Нарада прайшла 17 сакавіка ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Экспабел». Перад яе пачаткам Лукашэнка абышоў гандлёвыя шэрагі, знаёмячыся з работай індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП). 

Як расказала ўдзельніца сустрэчы Іна Аляксеенка — ІП, якая гандлюе ў цэнтры «Экспабел», — на нарадзе прагучала прапанова пакінуць прадпрымальнікам магчымасць гандляваць без дакументаў, але пры гэтым паэтапна павялічваць падатковую нагрузку для ІП. «Сёння мы плацім двухразовы адзіны падатак і двухразовы ПДК, затым паквартальны каэфіцыент будзе павялічвацца на 0,5. Да 1 студзеня 2016 года атрымаецца каэфіцыент 4», — зазначыла прадпрымальнік. 

«Не для ўсіх гэта будзе добра, — дадала яна. — Дробнаму бізнесу, у якога па адным пункце памерам тры-чатыры квадратныя метры, выжыць будзе складана. Многія закрыюцца, але іншага выйсця на сёння няма».

Тым не менш Аляксеенка дастаткова пазітыўна ацаніла вынікі сустрэчы. «Мы чакаем, што пасля сустрэчы з прэзідэнтам умовы працы аблегчацца, бо да яго ўмяшання мы віселі над безданню. Прэзідэнт прыпыніў дзеянне ўказа № 48 аб штрафных санкцыях, дзякуючы яму нам працягнулі продаж рэшткаў тавару без дакументаў да 1 студзеня 2016 года», — зазначыла прадпрымальніца. 

У сваю чаргу старшыня савета рынку з Маладзечна Тамара Багачова выказала меркаванне, што «дзевяцімесячная перадышка толькі часткова вырашыць праблемы малога бізнесу. Прадпрымальнікі, у якіх «зусім мала тавару і няма грошай, закрыюцца», у той час як «частка пойдзе на іншую працу, а некаторыя, магчыма, аб'яднаюць свае сродкі і будуць працаваць разам».

Паводле слоў Багачовай, прадстаўнікі буйнога бізнесу на сустрэчы былі супраць таго, каб ІП далі чарговую адтэрміноўку для распродажу тавараў без суправаджальных дакументаў. «Але мы змаглі даказаць, што ў нас з буйным бізнесам няма роўных абаротных сродкаў, што дробны бізнес шырока прадстаўлены на перыферыі, дзе сёння ўсе знаходзяцца ў цяжкіх умовах выжывання», — расказала ІП.

Багачова таксама паведаміла, што расказала прэзідэнту пра нізкую канкурэнтаздольнасць беларускага тавару з імпартным па дызайне і цане. Напрыклад, у Маскве паліто беларускага прадпрыемства «Элема» таннейшае, чым у Беларусі.

«Прынамсі з'явілася надзея, што на 1 красавіка ў прадпрымальнікаў будзе праца, — падкрэсліла Багачова, ацэньваючы вынікі нарады. — Мы тым часам падумаем, што трэба рабіць далей. Яшчэ трэба разабрацца з сертыфікатамі — гэтае рашэнне трэба пераглядаць, каб мы маглі атрымліваць гэтыя дакументы ў Расіі».

Прадстаўнікі буйнога бізнесу на сустрэчы з Лукашэнкам гаварылі пра неабходнасць пераходу да цывілізаванага гандлю. Так, старшыня савета дырэктараў ТАА «Тытунь-інвест» Павел Тапузідзіс заявіў: «Адзінае, што можа кіраваць працэсамі ў гандлі, — гэта канкурэнцыя». «Не павінна быць розных сістэм гандлю. Павінны быць цывілізаваныя метады гандлю, ва ўсіх павінны быць дакументы. Роўныя ўмовы для ўсіх, і яны павінны пачацца як мага раней», — сказаў ён.

Бізнесмен зазначыў, што неабходна даваць і нейкія паслабленні. «Можа быць, лепш менш падаткаў з ІП узяць, але прывучыць яго гандляваць правільна», — сказаў Тапузідзіс.

На яго думку, неабходна пакінуць указ прэзідэнта № 222 у сіле, каб усе гандлявалі з дакументамі (згодна з гэтым указам з 1 сакавіка 2015 года ІП павінны рэалізоўваць увесь тавар, які ўвозяць, з суправаджальнымі дакументамі). «Падатковыя павелічэнні больш небяспечныя. Не разумею, чаму ІП супраць гэтага не пратэстуюць», — зазначыў бізнесмен. Тапузідзіс падкрэсліў, што адзіная выснова, якая гэта тлумачыць, — вялікая маржа на таварах, што прадаюцца без дакументаў.

Яшчэ адзін прадстаўнік буйнога бізнесу, гендырэктар ТАА СП «Санта Імпэкс Брэст» Аляксандр Машэнскі лічыць: дзяржава павінна ўстанавіць правілы гульні, а бізнес, зыходзячы з іх, — выбудоўваць сваю стратэгію. «Прадпрымальніцтва паступова выштурхоўваюць на цывілізаваныя рэйкі працы. Для прадпрымальніцтва важна з шэрай плоскасці пераходзіць у белую», — сказаў ён.

Як паведамлялася раней, па выніках нарады малы бізнес атрымаў магчымасць да 1 студзеня 2016 года рэалізоўваць тавары легпрама, увезеныя з краін Мытнага саюза, без суправаджальных дакументаў. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?