Усё пачалося яшчэ ў 2000. Тады трэнер-лёгкаатлет Аляксей Васкабовіч дабудаваў свой дом на вуліцы Уманскай. Але гэта трэба ўзгадніць у адміністрацыі Маскоўскага раёна.

«Мне там прапанавалі: узгоднім, а вы акажыце нам спонсарскую дапамогу. Я сказаў: давайце рахунак, каб усё было афіцыйна. Хабар даваць не хачу. А яны адмовіліся», — узгадвае ён.

Прыбудову так і не зарэгістравалі. Тады Васкабовіч пайшоў па судах. Але нічога так і не дабіўся.

«Былі тры ўказы Лукашэнкі пра тое, каб самавольныя будынкі ўносілі ў спіс дазволеных. Усіх маіх суседзяў унеслі. А мяне — не».

У тым доме жылі 9 чалавек: сам Аляксей Міхайлавіч з жонкай і яго жанатыя сыны з дзецьмі.

У 2006 годзе Васкабовічам паведамілі, што іх будуць высяляць: будуецца новая станцыя метро «Міхалова». І прапанавалі пераехаць у чатырохпакаёўку. Васкабовічы адмовіліся.

«Па-першае, мы хацелі ці прыватны дом, нават меншага памеру, ці ўчастак і грашовую кампенсацыю, — тлумачыць Аляксей Міхайлавіч. — Да таго ж, наш дом увогуле метро не перашкаджаў: паводле дакументаў, яго знішчалі для будаўніцтва часовага пітнога водаправода!»

Потым Васкабовічам прапанавалі дзве кватэры: двух- і трохпакаёўку. Але метраў на ўсіх усё роўна не хапала. Да таго ж, сцвярджае Аляксей Міхайлавіч, кампенсаваць страты за павышаную камфортнасць дома, гаспадарчыя пабудовы ніхто не збіраўся.

Ізноў суды. Васкабовіч змагаецца за сваё.

А ў 2009 годзе, калі суд Маскоўскага раёна прымае рашэнне аб спыненні правоў уласнасці на асабняк і вырашае прымусова прызнаць права ўласнасці Васкабовічаў на сацжыллё, Аляксей Міхайлавіч прыдумвае новую стратэгію барацьбы. Ён абвешвае свой дом плакатамі з заклікамі да Лукашэнкі і цытатамі з Канстытуцыі. Публікацыі пра яго адразу з’яўляюцца у большасці СМІ, а інтэрнаўты запісваюць яго ў лік галоўных змагароў з гарадскімі ўладамі.

У 2012 годзе нарэшце адкрываюць станцыю «Міхалова». Дом Васкабовічаў усё яшчэ стаіць. Насамрэч, ніякаму будаўніцтву ён і не перашкаджаў. Але сям’я ўсё адно павінна з’ехаць: на месцы іх катэджа плануецца будаўніцтва шматкватэрнага жылога комплексу.

У выніку суды Васкабовіч выйграў. Яму далі тры кватэры на тры сям’і: адну чатырохпакаёўку і дзве двушкі. Дом на Уманскай усё ж знеслі ў 2014 годзе. Аднак прэтэнзіі да ўлады ў Аляксея Міхайлавіча засталіся. І шмат.

«Грашовай кампенсацыі зямельных насаджэнняў і сельскагаспадарчых пабудоваў я так і не ўбачыў. Калі прыехалі руйнаваць дом, я сказаў, каб склалі акт на маёмасць, якую знішчаюць. Мне адмовілі і прыгразілі міліцыяй. Я сказаў: выклікайце! — распавядае Васкабовіч. — Міліцыянты прыехалі, я патлумачыў ім, што адбываецца. Яны павезлі мяне ў аддзяленне, нібыта пісаць заяву. А насамрэч закінулі ў «абяз’яннік» і пратрымалі там да ранку. За гэты час дом зламалі».

Пры гэтым не толькі Васкабовіч незадаволены тым, як паводзілі сябе ўлады. Адна з яго суседак прасіла за свой дом, плошчай 76 м2, двухпакаёвую кватэру. Яе ўгаварылі выехаць у аднушку і паабяцалі грашовую кампенсацыю. Тых грошай яна чакае і па сённяшні дзень.

Сваю кампенсацыю Васкабовіч цвёрда вырашыў атрымаць. Ён упэўнены, што стаў ахвярай той самай карупцыі, з якой зараз вядзецца паказальная барацьба.

Ён усё адно спадзяецца на справядлівасць і піша ва ўсе ведамствы — ад КДБ да Следчага камітэта. А свае лісты падпісвае так: «Абкрадзены чынушамі А.Васкабовіч».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?