«Як ня дзіўна, але на гэты раз суд аказаўся больш справядлівы, чым органы адукацыі. Суд аднавіў Жалезьнічэнку ў якасьці студэнта. Гэта азначае, што хлопец быў студэнтам увесь гэты час і папярэдні загад рэктара ня меў ніякай юрыдычнай сілы. Адпаведна, любыя захады ў дачыненьні да Жалезьнічэнкі, як не студэнта, таксама ня маюць ніякай прававой сілы. У тым ліку, распараджэньне аб прызыве на тэрміновую службу...». Гэта словы Вінцука Вячоркі у адным з прысьвечаным Зьмітру Жалезьнічэнку артыкулаў, разьмешчаным на сайце «Нашай Нівы». А гэта адзін з камэнтароў да таго артыкулу: «Сп. Вячорка! Ці ёсць у Вас юрысты. Даю безграшовую параду: «у адпаведнасці з артыкулам 37 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» рашэнне абласной прызыўной камісіі па скарзе грамадзяніна можа быць абскарджана ім у судзе. У гэтым выпадку выкананне рашэння прызыўной камісіі прыпыняецца да ўступлення ў законную сілу рашэння суду. Так што трымаюць Вашага хлопца незаконна. Хутчэй пішыце скаргу у суд!!!». Адсюль у мяне ўзьнікае пытаньне: а чаму ж маўчыць кіраўнік «Моладзі БНФ» сп.Алесь Каліта? Ён жа юрыст па адукацыі. Цалкам лягічна зьвярнуцца ў суд, каб высьветліць законнасьць адпраўкі хлопца ў войска. Трэба быць аптымістам, каб паверыць, што войска прызнае сваю віну і адпусьціць Зьмітра. Але гэта ня значыць, што нічога рабіць ня варта. У апошнім нумары «Белорусской военной газеты» на першай (!!!) паласе надрукавалі артыкул пад загалоўкам «Дима Железниченко как зеркало несостоявшейся «васильковой революции». З аднаго боку радуе — артыкул пра апазыцыянэра на першай паласе газэты Міністэрства абароны — надзвычайная сытуацыя ў войску. Значыць Зьміцер сур’ёзна ўстурбаваў вайскоўцаў абяцаньнем беларусізаваць частку, у якую яго накіруюць. З другога боку —аўтар артыкулу Андрэй Максімаў праводзіць непрыхаваныя паралелі паміж палітычнымі поглядамі Жалезьнічэнкі і зьверствамі фашыстоўцаў у часы Другой сусьветнай вайны. Чаго вартая табліца са зьвесткамі пра колькасьць спаленых разам з жыхарамі вёсак! Гэта падсудная справа. Ясна, што Зьміцер ня можа сам зьвярнуцца па абарону гонару і годнасьці ў суд. Але гэта мусяць зрабіць яго родныя, паплечнікі і сябры. Патрэбная ня толькі сымбалічная салідарнасьць — наляпіць партрэт, вывесіць расьцяжку. Трэба рабіць практычныя захады. Найперш — разабрацца з юрыдычнага пункту гледжаньня на прадмет законнасьці прызыву Зьмітра у войска. Калі забралі незаконна — то змагацца за вызваленьне хлопца і судзіцца з вінаватымі. Ня варта забывацца і пра ўнівэрсытэцкае кіраўніцтва, увогуле пра ўсіх датычных да перасьледу. Другое — падаць у суд на «Белорусскую военную газету» і яе журналіста. Можа гэта ня дасьць плёну цяпер, хутчэй так і будзе, але яны павінны ведаць, што зробленае не застанецца незаўважаным. Няхай рыхтуюцца адказваць у будучыні. А каб у нас была свая, а ў іх свая будучыня, трэба варушыцца цяпер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?