Фотакарэспандэнтка НН Юлія Дарашкевіч пранікла ў найбуйнейшую ў Эўропе зімоўку кажаноў.

Тут іх сотні, яны вісяць да гары нагамі і зрэдку папіскваюць. Найбуйнейшая ў Эўропе зімавальная калёнія рукакрылых (Barbastella barbastellus, ці Шырокавушка эўрапейская - так называюць гэтых кажаноў навукоўцы) месьціцца на ўскрайку Берасьця, у старой фартэцы.

Мы спускаемся ў скляпеньне разам з актывісткай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Марыей Дзямянчык. Тут цёмна і вільготна. "Мікраклімат, як у пячорах" - гаворыць навукоўца. Размаўляем шэптам, каб не пабудзіць кажаноў.

Афіцыйна гэтае месца называецца біялагічны заказьнік "Барбастэла". Штогод на зімоўку сюды зьлятаюцца да трох тысяч кажаноў. Навукоўцы назіраюць за імі ўжо год 10, аднак толькі нядаўна для рукакрылых абсталявалі "спальныя месцы" - на сьценах фартэцы разьмясьцілі адмысловыя драўляныя шчыты, якія ўтвараюць нешта накшталт шчылінаў. У іх кажаны і зімуюць, зьбіўшыя ў купкі. Выглядае гэта прыкладна так:

Barbastella barbastellus. Photo by Julia Darashkevich

На нашую просьбу спадарыня Марыя выносіць некалькі жывёлаў на паветра. Кажаны аказваюцца зусім ня страшнымі, мілыя такія пушыстыя зубасьцікі. Яны сонныя, каб растармашыць іх пасьля сьпячкі трэба хвілін 15. Але паляцець яны ня змогуць яшчэ ня хутка. Таму, добра разгледзеўшы рукакрылых, мы заносім іх назад у фартэцыю і прычэпліваем за драўляны шчыток.
Barbastella barbastellus. Photo by Julia Darashkevich
Barbastella barbastellus. Photo by Julia Darashkevich
Barbastella barbastellus. Photo by Julia Darashkevich

"Мае мышкі" - так пяшчотна называе сваіх гадаванцаў Марыя Дзямянчык. Навукоўцы рэгулярна праведваюць кажаноў, вядуць падлік і назіраньне. Апекуе кажаноў і ААН - арганізацыя выдзяліла адмысловы грант на захаваньне зімавальнай калёніі рукакрылых. У Беларусі сем відаў гэтых жывёл занесена ў Чырвоную кнігу.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?