Андрэй Кім

Пасьля таго як Андрэй Кім адсядзеў 10 сутак на Акрэсьціна, яго адвезьлі ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Мінску, дзе адбыўся допыт.

Паводле словаў маці арыштаванага, на допыце прысутнічаў супрацоўнік ДАІ. Пасьля гэтага Кіма адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску, а адтуль у сьледчы ізалятар ГУУС Менгарвыканкаму на Валадарскага. Як сказала маці Андрэя, яна прасіла пракурора зьмяніць меру стрыманьня на падпіску аб нявыезду.

Адвакат Андрэя Кіма заявіў, што даў падпіску аб неразгалошваньні тайны сьледзтва. У пракуратуры Цэнтральнага раёну сталіцы ў адказ на пытаньні пра Андрэя Кіма кідаюць слухаўку.

Нагадаем, што Андрэй Кім, затрыманы пасьля мітынгу прадпрымальнікаў 21 студзеня, быў асуджаны паводле двух пратаколаў на 10 сутак адміністрацыйнага арышту і аштрафаваны на 1 млн 50 тыс. рублёў. Таксама ў дачыненьні да яго была заведзеная крымінальная справа паводле арт. 364 КК РБ («гвалт, альбо пагроза гвалту ў адносінах да работніка міліцыі»). Нібыта Андрэй Кім падчас сутычкі ля ГУМу ўдарыў супрацоўніка ДАІ кулаком у твар і расьсек таму брыво да крыві. Паводле гэтага артыкулу яму пагражае ад трох месяцаў да шасьці гадоў зьняволеньня. Андрэй сваю віну адмаўляе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?