Фота: ImagineChina
Гоншчык «Формулы-1» Льюіс Хэмілтан падчас святкавання чарговай перамогі абліў супрацоўніцу аўтадрома шампанскім, што не спадабалася барацьбітам з сэксізмам і некаторым карыстальнікам сацсетак, распавядае The Daily Mail.
Традыцыйна пераможцам гонак «Формулы-1» выдаецца бутэлька шампанскага. Часцей за ўсё пераможцы радасна абліваюць шампанскім адзін аднога, але Хэмілтан скіраваў струмень у твар дзяўчыне з аўтадрома.
Дзеянні гоншчыка (а дзяўчын ён абліваў і да таго) раскрытыкавала Роз Хардзі, дырэктар арганізацыі Object, што змагаецца з сэксізмам. Яна запатрабавала, каб Хэмілтан прынес дзяўчыне публічныя прабачэнн, бо дзяўчыне не было чым абараніцца ад Хэмілтана, чым ён і скарыстаўся. Выпадак актыўна абмяркоўвалі ў сацсетках пад хэштэгам #sexism.
Рэакцыя гоншчыка на абвінавачанні невядомая. Прынамсі, публічных прабачэнняў ён не прыносіў.
На момант публікацыі 30-гадовы Хэмілтан мае першае месца ў асабістым заліку «Формулы-1» з 68 баламі. На двух этапах з трох, што ўжо прайшлі ў бягучым сезоне, ён у складзе каманды Mercedes заняў першае месца, на яшчэ адным — другое.