Нарошчванне сіл НАТА паблізу сваіх граніц Беларусь разглядае як выклік ваеннай бяспецы. Аб гэтым заявіў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў сёння ў Маскве на канферэнцыі па міжнароднай бяспецы «Глабальная бяспека: выклікі і перспектывы».

«Павінен адзначыць фарміраванне выклікаў ваеннай бяспецы дзяржаў у Еўрапейскім рэгіёне, - сказаў міністр. - Аб'ектыўна толькі так можна ацэньваць нарошчванне прысутнасці груповак войскаў са складу НАТА паблізу граніц Беларусі. Гэта вымушае нас даваць адназначную ацэнку цяперашнім працэсам, што адлюстроўвае рост узроўню ваеннай небяспекі ў рэгіёне».

На думку Андрэя Раўкова, не садзейнічае росту даверу і істотнае нарошчванне інтэнсіўнасці мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі паблізу граніц Беларусі. «Асабліва гэта насцярожвае ў святле крызісу асобных напрамкаў міжнароднай сістэмы кантролю над узбраеннямі ў Еўропе, што таксама з'яўляецца выклікам для ваеннай бяспекі ўсіх еўрапейскіх дзяржаў, - сказаў ён. - Ва ўмовах слабасці міжнародных арганізацый гарантавання бяспекі асобныя дзяржавы могуць прымаць самастойныя рашэнні аб выкарыстанні сілавых метадаў у вырашэнні міждзяржаўных супярэчнасцей. Фактараў, што стрымліваюць ад прыняцця такіх сілавых рашэнняў, становіцца ўсё менш».

Міністр адзначыў, што насцярожвае прынцыповая адмова еўраатлантычных краін ад усіх форм супрацоўніцтва па ініцыятывах, праяўленых у галіне стварэння сумесных сістэм проціракетнай абароны. На яго думку, размяшчэнне ў еўрапейскіх дзяржавах элементаў амерыканскай сістэмы ПРА, хутчэй за ўсё, закладзе асновы для парушэння існуючага ў свеце ракетна-ядзернага балансу. У гэтай жа плоскасці ляжаць і дзеянні па стварэнні сістэм высокадакладнай зброі, якія даюць магчымасць рэалізаваць усе перавагі глабальнай дасягальнасці.

«Гэтыя выклікі ваеннай бяспецы толькі пагаршаюць і без таго складаную сітуацыю ў Еўрапейскім рэгіёне», - падкрэсліў Андрэй Раўкоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?