Кошт навучання ў ВНУ будзе павялічвацца, але не ў разы, заявіў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў 16 красавіка падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА.

«Калі я скажу, што зусім не будзе мяняцца, то гэта, напэўна, няправільна. Кошт навучання будзе мяняцца, асабліва для навучэнцаў першага курсу, але гэта ўсё звязана са змяненнем тарыфнай стаўкі першага разраду. Будзе мяняцца стаўка першага разраду — будзе мяняцца кошт навучання. Але ў разы, натуральна, не павялічыцца», — сказаў ён.

Пры гэтым міністр падкрэсліў, што пытанне змянення кошту навучання ўзгадняецца з Міністэрствам фінансаў і Міністэрствам эканомікі «і наогул вельмі сур`ёзна абмяркоўваецца ў Савеце міністраў і Адміністрацыі прэзідэнта».

У 2014/2015 і 2013/2014 навучальных гадах кошт навучання на платных аддзяленнях ВНУ павышаўся адзін раз перад пачаткам навучальнага года. У 2012/2013 навучальным годзе ён не змяняўся, аднак у 2011/2012 навучальным годзе навучанне ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах даражэла чатыры разы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?