фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by

фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by

Сёння, 17 красавіка, у Вярхоўным судзе разгледзелі касацыйную скаргу Уладзіміра Мальцава, гендырэктара аб'яднання «Барысаўдрэў». Суд задаволіў просьбу абвінавачанага асабіста прысутнічаць на пасяджэнні, таму разгляд справы перанеслі з 7 красавіка. Да перапынку выступілі адвакат Дзмітрый Гарачка, дзяржабвінаваўца — прадстаўнік Генпракуратуры Эльдар Сафараў і сам абвінавачаны, паведамляе Tut.by

У выніку, заслухаўшы ўсе бакі, суддзя Валерый Калінковіч зачытаў рашэнне суда. Артыкул, паводле якога быў абвінавачаны Уладзімір Мальцаў, перакваліфікавалі з ч.3 арт.424 на ч.2 арт. 424 (Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) — на падставе гэтага пакаранне змянілі з 3 гадоў да 2 гадоў і 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму з пазбаўленнем права займаць кіруючыя пасады тэрмінам на тры гады.

Арышт з маёмасці Мальцава, які быў накладзены падчас папярэдняга следства, суд пастанавіў зняць. Таксама суд адмяніў рашэнне аб спагнанні з Мальцава на карысць «Барысаўдрэва» 1,906 мільярда рублёў — у гэтую суму першапачаткова ацанілі шкоду дзяржаве, прычыненую былым топ-менеджарам.

Таксама на падставе закона аб амністыі ад 17 чэрвеня 2014 г. тэрмін асноўнага пакарання скарацілі яшчэ на 1 год.

— Так як Мальцаў ужо знаходзіцца ў зняволенні 1,1 года, то яму застаецца прабыць у турме яшчэ 5 месяцаў. Але калі да яго прыменяць яшчэ і майскую амністыю, то ён можа быць вызвалены ўжо ў маі-чэрвені гэтага года, — выказаў меркаванне адвакат Уладзіміра Мальцава Дзмітрый Гарачка.

У сваім выступе сёння Мальцаў абвяргаў абвінавачванні ў некампетэнтнасці ў свой адрас, якія яму прад'яўленыя ў судзе першай інстанцыі.

— Нарадзіўся ў небагатай сям'і і ўжо з самага дзяцінства імкнуўся да распрацовак, — распавёў экс-дырэктар «Барысаўдрэва». — У 12 гадоў пераворваў поле на трактары.

У.Мальцаў распавёў некалькі фактаў са свайго дзяцінства, якія пазней пацвердзіла яго маці, што прысутнічала на пасяджэнні. Паводле яго слоў, ён з вялікай цікавасцю хадзіў у гурткі для юнай творчасці і спрабаваў ствараць распрацоўкі, з дапамогай якіх можна палегчыць працу людзей.

— У нас было 40 сотак зямлі, і мы з бацькам звычайна насілі насілкамі гной. Каб было лягчэй, у 15 гадоў зрабіў гнояраскідальнік. У 17 гадоў зрабіў бульбасаджалку.

Уладзімір Мальцаў родам з вёскі Коханава Талачынскага раёна. Пасля 8 класа паступіў у вучэльню ў Барысаве, там жа скончыў тэхнікум. І быў адным з васьмі найлепшых вучняў у сваім выпуску ў Політэхнічнай акадэміі.

Уладзімір Мальцаў падкрэсліў, што мае вялікі досвед працы інжынера-канструктара.

— Няма такой спецыяльнасці на «Барысаўдрэве», па якой я не мог бы працаваць. Я ведаю ўвесь тэхналагічны працэс і любога спецыяліста гатовы заткнуць за пояс, — упэўнены Уладзімір Мальцаў.

Пры гэтым былы экс-дырэктар заўважыў, што ўсе спецыяльнасці асвоіў сам.

Уладзімір Мальцаў казаў пра некаторыя моманты мадэрнізацыі на «Барысаўдрэве».

Напрыклад, згадаў той факт, што на яго прадпрыемстве пусканаладачныя работы прайшлі за 4 месяцы, пры гэтым на аналагічным прадпрыемстве «Віцебскдрэў» гэты працэс заняў восем месяцаў. Таксама экс-дырэктар казаў пра тое, што за 1,5 года яго кіраўніцтва «Барысаўдрэў» са страт выйшаў на рэнтабельнасць.

— Мяне абвінавачваюць у тым, што па маёй віне сарваліся тэрміны мадэрнізацыі, але да мяне пераносілі тэрміны 6 разоў, а пры мне толькі 1 раз.

Адвакат Дзмітрый Гарачка падтрымаў выступ Мальцава. Ён папрасіў Вярхоўны суд адмяніць прысуд, вынесены Мінскім абласным судом, з прычыны адсутнасці складу злачынства ў дзеяннях экс-дырэктара Барысаўдрэва, паведамляе Tut.by.

Дзяржабвінаваўца, у сваю чаргу, лічыць рашэнне суда першай інстанцыі справядлівым. Ён папрасіў пакінуць прысуд у сіле.

Маці Уладзіміра Мальцава, фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by

На судзе прысутнічала жонка Уладзіміра Мальцава, фота Вадзіма Заміроўскага

На судзе прысутнічала жонка Уладзіміра Мальцава, фота Вадзіма Заміроўскага

Крымінальную справу ў дачыненні да Уладзіміра Мальцава распачалі ў сакавіку мінулага года. Яго абвінавацілі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі ў ходзе выканання дзяржаўнай праграмы па мадэрнізацыі дрэваапрацоўчага прадпрыемства «Барысаўдрэў», якое прывяло да цяжкіх наступстваў у выглядзе нанясення ўрону ў асабліва буйным памеры і зрыве тэрмінаў па рэалізацыі дзяржпраграмы па мадэрнізацыі.

20 снежня суд пастанавіў прызнаць экс-дырэктара «Барысаўдрэва» вінаватым у здзяйсненні дзеянняў, якія пацягнулі прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, а таксама цяжкія наступствы.

На падставе ч.3 арт. 424 КК Беларусі (Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) Уладзіміру Мальцаву прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з ажыццяўленнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на пяць гадоў.

Падчас судовых пасяджэнняў агучвалі суму, у якую ацанілі шкоду дзяржаве, прычыненую Мальцавым, - 17,008 мільярда рублёў. Тым не менш, суд пастанавіў спагнаць з былога топ-мэнэджэра ў карысць «Барысаўдрэва» 1,906 мільярда рублёў. У кошт пакрыцця шкоды таксама меліся накіраваць маёмасць абвінавачанага на агульную суму 400 мільёнаў рублёў.

Варта адзначыць, што суд вынес пастанову ў адрас начальніка галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта, у якім указаў на парушэнні законаў і вытворчасці папярэдняга следства, выяўленыя пры судовым разглядзе справы.

29 студзеня 2015 года Аляксандр Лукашэнка ў час прэс-канферэнцыі для беларускіх і замежных СМІ заявіў, што не ўмешваўся ў справу гендырэктара «Барысаўдрэва».

— Напэўна, ён у чымсьці вінаваты, а за гэта трэба адказваць. А ў народа заўсёды: «Ах, вось гэта стрэлачнік». Які ж гэта стрэлачнік? Ён кіраўнік прадпрыемства, ён ведаў недахопы. Яго туды накіравалі, зняўшы папярэдняга кіраўніка. Ён ведаў, што рабіць … дапусціў растрату і іншае. Яшчэ раз падкрэслю: я не быў прыхільнікам жорсткага пакарання для гэтага чалавека. У праваахоўнай сістэме людзі не дурныя, яны гэта бачылі. І калі пры гэтым яны палічылі патрэбным адправіць яго ў калонію, то яны з ім рахункі не зводзілі, — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён папрасіў кіраўніка сваёй адміністрацыі яшчэ раз прадставіць яму матэрыялы па гэтай справе. «Я больш падрабязна паглыблюся ў гэтую справу. Але гэта не значыць, што я буду ва ўгоду грамадскай думцы абараняць чалавека, які здзейсніў правапарушэнне», — сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, за правалы ў мадэрнізацыі «Барысўдрэва» сваіх пасадаў пазбавіліся старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура і намеснік кіраўніка прэзідэнцкай Адміністрацыі Андрэй Тур. У адстаўку быў адпраўлены кіраўнік канцэрна «Беллеспаперапрам» Аляксандр Пераслаўцаў. Былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў атрымаў «строгую вымову з апошнім папярэджаннем».

Гэта адбылося пасля таго, як 8 лістапада 2013 года Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся са станам прадпрыемства «Барысаўдрэў», наведаў вытворчыя памяшканні і выказаў крайнюю ступень нездаволенасці ўбачаным. Лукашэнка запатрабаваў завесці крымінальныя справы па фактах безгаспадарчасці.

На час візіту прэзідэнта на «Барысаўдрэў» мадэрнізацыя на прадпрыемстве ішла ўжо восем гадоў, а Уладзімір Мальцаў правёў у статусе генеральнага дырэктара паўтара года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?