Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала «сур'ёзныя памылкі» ў сваёй працы пры рэагаванні на распаўсюд віруса Эбола ў краінах Заходняй Афрыкі і паабяцала правесці неабходныя рэформы, паведамляецца ў размешчанай на афіцыйным сайце заяве.

У дакуменце гаворыцца, што «ўвесь свет, у тым ліку СААЗ», аказаўся не гатовы да маштабнай і працяглай успышкі захворвання ліхаманкай Эбола, якая пачалася ў Гвінеі ў снежні 2013 года.

У арганізацыі сцвярджаюць, што «прынялі да ведама крытыку», у прыватнасці, з нагоды «павольнай і неэфектыўнай рэакцыі», а таксама несвоечасовага паведамлення аб небяспецы віруса, няздольнасці аказаць дапамогу гэтак вялікаму ліку тых, хто захварэў, і недастатковай каардынацыі паміж медыцынскімі арганізацыямі. Нарэшце, у СААЗ прызнаюць неэфектыўнасць уласнай структуры кіравання ў крызіснай сітуацыі.

У сувязі з гэтым кіраўніцтва СААЗ абавязуецца правесці рэформы, неабходныя для падрыхтоўкі да хуткага рэагавання на гуманітарныя катастрофы і ўспышкі захворванняў. У прыватнасці, у арганізацыі прапрацуюць механізмы фінансавання і матэрыяльнага забеспячэння місій у ахопленыя ўспышкамі захворванняў рэгіёны, а таксама стварэння групы з па меншай меры тысячы кваліфікаваных спецыялістаў, якія будуць гатовыя прыняць удзел у гэтых мерапрыемствах.

Эпідэмія віруса Эбола ў Заходняй Афрыцы закранула, па большай частцы, тры дзяржавы: Гвінею, Сьера-Леонэ і Ліберыю. Агульная колькасць тых, хто заразіўся смяротна небяспечным вірусам, перавысіла 25 тысяч чалавек, колькасць памерлых — 10 тысяч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?