Сёння ў Касцёле чыталі ўрывак пра мучаніцтва Стафана. (Дзеі Апосталаў, 6,9 – 7, 60). Стафана, дыякана першай Царквы ў Ерусаліме, прывялі ў Сінедрыён. Абвінавацілі ў блюзнерстве супраць Закону і Ерусалімскага храма. Ён, цытуючы Пісанне, бараніўся.

«Людзі з цвёрдым сэрцам і неабрэзаным сэрцам і вушамі! Заўсёды працівіцеся Духу Святому! Як айцы вашыя, так і вы! Здраднікі, забойцы! Атрымалі закон праз пасярэдніцтва анёлаў і не захавалі яго!», - скончыў ён прамову, скіраваную да найбольш шанаваных, аўтарытэтных і ўплывовых у сваім грамадстве людзей.

Рэзкія словы. Я за словам у кішэнь не лезу, але і мне яны падаюцца дужа рэзкімі. Чалавек можа перабраць меру ў спрэчцы, бывае. Мо’ і Стафан перабраў? Але – чытаем далей - сказаўшы гэта, ён глянуў на неба і пабачыў нябёсы адкрытыя, хвалу Божую і Ісуса, Які стаяў праваруч Бога. Значыць, ён быў у міры і згодзе з Богам, кажучы гэта.

Стафана камянямі забілі да смерці. «Госпадзе, не палічы ім граху гэтага», - сказаў ён, паміраючы. Забіўшы Стафана, габрэйскае начальства пачало ганенні на Царкву, і ерусалімскім вернікам прыйшлося разбегчыся каму куды.

Колькі разоў чую меркаванні, што казаць праўду не заўсёды варта. Дзеля дыпламатыі не казаць высока- ці не-дужа-высока- пастаўленаму злачынцу, што ён робіць зло. «Дзеля любові і неасуджэння» (людзі, вы задумваліся, што такое любоў і што такое неасуджэнне ў Бібліі?) пазбягаць перасцерагчы грэшніка, што ён загіне, калі не пакаецца.

Ісус не быў дыпламатычным. Фарысеяў называў крывадушнікамі, а з Храма выгнаў гандляроў, якія займаліся там ліцэнзаванымі відамі дзейнасці. Ян Хрысціцель галавой паплаціўся, калі аднаму мясцоваму палітыку публічна ўказаў на ягоны грэх. 

І ўсё ж… Ці заўсёды трэба казаць праўду ў лоб? Ці сапраўды не варта думаць пра наступствы для сябе, калі кажаш праўду? Не ведаю. Відаць, трэба прасіць Бога, каб даў мудрасці ў кожным канкрэтным выпадку. Магу толькі сцвярджаць, што Пісанне і гісторыя Царквы вучаць нас быць адважнымі і гатовымі цярпець пераслед за праўду. 

Разумею, што мне трэба вучыцца гэтай адвазе. Гэта ў Інтэрнэце я смелы, а ў вочы… па-рознаму бывае. Часта маўчу тады, калі трэба сказаць. Гэта не па-Божаму, гэта мой грэх. Мой вялікі грэх.

…Сёння стала вядома, што беларускага хлопца Кірыла пасадзілі на два гады ў Расіі за асуджэнне акупацыі Крыму і распальвання вайны на Данбасе. За тое, што назваў рэчы сваімі імёнамі — зло злом, а злачынцаў — злачынцамі. За праўду. Можа, ён памыляўся? Можа, варта было змаўчаць? Можа, варта было не так рэзка? Сам задаю такія пытанні.

А можа, гэта мы ў сваім маўчанні перад абліччам зла памыляемся?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?