Бурнае развіццё гандлёвых цэнтраў у Мінску ў агляднай будучыні прывядзе да закрыцця або пераарыентацыі большасці рынкаў і базараў, мяркуе кіраўнік праектаў па гандлёвай нерухомасці кампаніі «Твая сталіца. Нерухомасць для бізнесу» Дзмітрый Дробышаў. 

У каментарыі спецыяліст зазначыў, што рынак гандлёвых цэнтраў стаў адным з самых хуткарастучых у Мінску. Толькі сёлета сталіца павінна прырасці на 150 тыс. кв. метраў. «Дэвелоперы пачынаюць барацьбу не толькі за арандатараў, але і за трафік. Каб прыцягнуць наведвальнікаў, у ход ідуць вялікія галерэі на сотні магазінаў, сямейна-забаўляльныя цэнтры і фармат распрадажаў. Традыцыйным рынкам з прылаўкамі няма чаго ім супрацьпаставіць», — мяркуе Дробышаў. 

«Гандаль на базарах паступова адыходзіць у мінулае. Тэндэнцыя толькі часткова звязана з жаданнем ўлад перайсці да больш цывілізаваных форм гандлю. Ключавую ролю адыграў эканамічны фактар: калі ў гандлёвыя цэнтры патокі пакупнікоў у апошнія гады раслі, то традыцыйныя рынкі перажывалі бурны спад. Мінск перайшоў на новы ўзровень, а тыя, што не паспелі перабудавацца, былі вымушаныя мірыцца з цяжкасцямі або закрыцца — гэта натуральны працэс», — зазначыў Дробышаў. 

Разам з тым, на яго думку, гандлёвывя цэнтры працягваюць пашыраць свой уплыў. На месца «адзінокім» аб'ектам прыходзяць гандлёвыя кварталы. «Амаль у кожным раёне прадстаўлены магутны шопінг-цэнтр, які замыкае на сабе асноўны трафік пакупнікоў», — зазначыў прадстаўнік кампаніі. Так, у Маскоўскім раёне такім выступае ГРЦ «Цітан» з тэматычнымі зонамі і цэнтрам забаў, у Цэнтральным — «Замак» з прасторнай галерэяй, а ў цэнтры горада — падземная «Сталіца». У Фрунзенскім раёне на гэты статус прэтэндуе GreenCity, але пакуль яго адкрыццё зацягваецца. 

У цэлым Мінск развіваецца ў двух кірунках — будаўніцтва буйных гандлёва-забаўляльных цэнтраў і адкрыццё рэгіянальных аб'ектаў у спальных раёнах. «Гіганцкія молы, якія будуюцца, зараз найбольш уразлівыя: прадстаўленыя ў краіне рытэйлеры не могуць забяспечыць іх запаўняльнасць, а сусветныя брэнды ў краіну не спяшаюцца. Таму некаторыя дэвелоперы развіваюць інстытут франчайзінга — адкрываюць уласныя магазіны пад вядомымі шыльдамі. Для ўжо адкрытых гандлёвых цэнтраў сітуацыя больш радасная, бо яны паспелі заручыцца падтрымкай буйных аператараў», — зазначыў Дробышаў. 

На яго думку, вытрымаць моцную канкурэнцыю з боку гандлёвых цэнтраў змогуць толькі некаторыя сталічныя рынкі. «Гэта, у прыватнасці, тычыцца «Камароўкі» і «Ждановічаў», жыццёвы цыкл якіх далёкі ад завяршэння. Яны, вядома, ужо не змогуць вярнуць сабе былы поспех, але ў стане ўпэўнена развівацца. Многае, вядома, будзе залежаць ад таго, ці змогуць яны адаптавацца да ўзрослых жаданняў пакупнікоў і знайсці сваю нішу. Так, «Камароўка», хутчэй за ўсё, застанецца выключна прадуктовым рынкам», — падкрэсліў эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?