Партыя БНФ падтрымала вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года Таццяны Караткевіч, актывісткі кампаніі «Гавары праўду», члена Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Адпаведнае рашэнне палітычнай камісіі Партыі БНФ, якое было прынятае ў пачатку красавіка, зацвердзіў 25 красавіка ў Мінску сойм арганізацыі.
Прадстаўнікі партыі выслухалі Таццяну Караткевіч пры дапамозе скайпа, бо яна сёння знаходзіцца за мяжой, а таксама задалі ёй шэраг пытанняў.
Караткевіч адзначыла, што хацела б вылучацца кандыдатам у прэзідэнты не ад нейкай асобнай арганізацыі, а ад кааліцыі «Народны рэферэндум», якая, паводле яе слоў, апошнім часам з'яўляецца «адзіным прыкладам агульнай працы ў дэмакратычных сілах».
Караткевіч падкрэсліла, што імпульсам для яе рашэння ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі стала менавіта сумесная праца ў межах «Народнага рэферэндуму», «якая надае сілы».
Сярод сваіх станоўчых якасцяў яна назвала пачуццё справядлівасці, адказнасць і ўменне працаваць у камандзе.
Пры гэтым Караткевіч адзначыла, што сумесная праца ў межах «Народнага рэферэндуму» не закончыцца выбарчай кампаніяй 2015 года, а будзе працягнутая падчас парламенцкай кампаніі 2016 года.





