Улады Беларусі працягваюць працу па прыватызацыі, «ніякай рэпрыватызацыі не плануецца», заявіў у інтэрв'ю эстонскай газеце «Деловые ведомости» намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур'янаў, адказваючы на пытанне аб магчымым уваходжанні дзяржавы ў склад ЗАТ «Мілавіца», 81% акцый якой належаць эстонскай кампаніі Silvano Investment Group. Інтэрв'ю апублікаванае на сайце беларускага МЗС.

«Дзяржава не мае намеру расходаваць бюджэтныя сродкі для таго, каб трымаць на плыву неэфектыўныя прадпрыемствы. Калі ў буйнога прадпрыемства ўзнікаюць праблемы, то змяншаюцца падатковыя паступленні. І, паводле заканадаўства Беларусі, дзяржава можа прапанаваць павелічэнне долі свайго ўдзелу для таго, каб падсілкаваць статутны капітал, — адзначыў Гур'янаў. —

І размова не ідзе пра тое, каб зрабіць кампанію дзяржаўнай або ўмешвацца ў камерцыйныя справы. Па-першае, у дзяржавы няма такіх рэсурсаў, каб выкупляць ужо прыватызаваную маёмасць.

Па-другое, дзяржава як мінарытарны ўдзельнік канкрэтнага акцыянернага таварыства зацікаўленая ў яго камерцыйнай стабільнасці». 

Беларускі чыноўнік прывёў «Мілавіцу» як прыклад паспяховых эстонскіх інвестыцый. «Нам удалося сумясціць вытворчы вопыт і тэхналогіі ў Беларусі з інвестыцыйнымі магчымасцямі Эстоніі», — падкрэсліў намеснік міністра. 

На заўвагу журналісткі аб тым, што некаторыя прадстаўнікі бізнесу адзначаюць шэраг фактараў, якія стрымліваюць прыцягненне ў Беларусь замежных інвестыцый (высокая рэгуляцыя эканомікі, бюракратычныя цяжкасці, валютныя рызыкі), Гур'янаў заявіў: «З пункта гледжання праблем з мясцовай адміністрацыяй і бюракратыяй мы нічым не адрозніваемся ад сярэднестатыстычнай еўрапейскай дзяржавы.

Мы ведаем, што такое еўрапейская бюракратыя. І раздзімаць з гэтага агульную праблему па выхаду на рынак Беларусі, па-мойму, няправільна.

Ёсць цяжкасці з-за ўзрушэнняў у РФ, якія ціснуць на наш валютны рынак. Таму нейкія абмежаванні мы вымушаныя прымаць для таго, каб забяспечыць стабільнасць унутранага рынку, у тым ліку і ў інтарэсах саміх інвестараў». 

Прадстаўнік СМІ нагадала, што паміж дзвюма краінамі дзейнічаюць дагаворы аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання, аднак пагадненне аб абароне інвестыцый, падпісанае ў 2009 годзе, пакуль так і не набыло моц. «З Эстоніяй атрымалася так, што адразу пасля падпісання пагаднення аб абароне інвестыцый ад нас запатрабавалі скарэктаваць тэкст з улікам патрабаванняў Еўрапейскай камісіі. На ўзроўні двух МЗС мы гэтую тэму ўздымалі, і, хутчэй за ўсё, да канца гэтага месяца адбудуцца двухбаковыя перамовы экспертаў прававых дэпартаментаў адносна таго, як нам максімальна хутка скарэктаваць тэкст і забяспечыць ратыфікацыю з эстонскага боку», — паведаміў Гур'янаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?