25 красавіка Аляксандр Лукашэнка зрабіў кадравыя перастаноўкі ў Вярхоўным судзе. Валерый Калінковіч прызначаны першым намеснікам старшыні Вярхоўнага суда.

Ён змяніў на гэтай пасадзе Аляксандра Федарцова, якога ад 1 студзеня перавялі старшынёй суда ЕАЭС.

Што тычыцца Валерыя Калінковіча, то ён амаль 10 гадоў быў намеснікам старшыні Вярхоўнага суда, старшынёй судовай калегіі па крымінальных справах. Цяпер яго ў гэтым крэсле заменіць Руслан Аніскевіч.

Мы вырашылі ўзгадаць самыя рэзанансныя судовыя працэсы ў кар’еры Руслана Аніскевіча. Варта адзначыць, што назбіралася іх зусім нямала.

Звольнены за Плошчу падаваў пазоў супраць банка

Фота з фэйсбука Уладзя Грыдзіна.

Фота з фэйсбука Уладзя Грыдзіна.

У маі 2006 года Руслан Аніскевіч, тады яшчэ суддзя Савецкага раёна Мінска, разглядаў пазоў 25-гадовага Уладзіміра Грыдзіна да філіяла «Беларусбанка». Справа ў тым, што Грыдзін працаваў у банку вядучым спецыялістам па працы з пластыкавымі карткамі. Яшчэ напярэдадні выбараў, падчас сустрэчы з кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам, хлопец быў затрыманы міліцыяй. Пасля чаго асуджаны на 15 сутак зняволення.

Пасля выхада з Акрэсціна Грыдзін даведаўся, што звольнены з працы. Пакідаць усё як ёсць малады чалавек не захацеў, таму звярнуўся ў суд з патрабаваннем узнаўлення на працы, а таксама грашовай кампенсацыі ў памеры 2 мільёнаў рублёў (па курсе 2006 года гэта амаль 950 даляраў).

Справу якраз і разглядаў Руслан Аніскевіч. Журналісты «Комсомольскай правды», што прысутнічалі на працэсе пісалі: «З ясных фармулёвак суддзі здавалася, што банкір зможа зноў выдаваць карткі. Але канчатковы вердыкт быў нечаканым: «Суд лічыць, што пазоў задавальненню не падлягае».

Працэс супраць пяці маладафронтаўцаў

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва».

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва».

У 2006—2007 годах узмацніўся ўціск на сяброў незарэгістраванай моладзевай арганізацыі «Малады фронт». Іх лідар Зміцер Дашкевіч быў першым асуджаным па рэпрэсіўным артыкуле 193 частка 1 Крымінальнага кодэксу. Пасля гэтага пачаўся пераслед паплечнікаў Дашкевіча па «Маладым фронце».

Крымінальная справа была заведзеная супраць пяці юнакоў, якія ўзялі на сябе кіраўніцтва «МФ»-ам: Змітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Насты Палажанкі, Алега Корбана, Аляксея Янушэўскага.

Звяртае ўвагу, што першапачаткова працэс мусіў весці іншы суддзя, але Аляксей Таманаў адмовіўся ад справы, спаслаўшыся на кепскае здароўе. Справу перадалі Руслану Аніскевічу.

У выніку ніхто з маладафронтаўцаў за кратамі не аказаўся. Хлопцам Аніскевіч прысудзіў розныя сумы штрафаў. А непаўналетняя на той момант Наста Палажанка абмежавалася папярэджаннем. Пасля гэтага кар’ера суддзі пайшла ўгору. Не прайшло і паўгода, як Аніскевіча перавялі ў Мінскі гарадскі суд.

Працэс па карыкатурах на прарока Мухамеда

Фота svaboda.org.

Фота svaboda.org.

У студзені 2008 года Руслан Аніскевіч разглядаў справу былога намесніка галоўнага рэдактара газеты «Згода» Аляксандра Здзвіжкова.

Яго абвінавачвалі ў парушэнні артыкула 130 ч 2. КК «Распальванне рэлігійнай варажнечы». Справа ў тым, што Здзвіжкоў перадрукаваў у «Згодзе» карыкатуры на прарока Мухамеда з дацкай прэсы. Ніхто не звярнуў бы ўвагі, але ў часе публікацыі ішла перадвыбарная кампанія, а рэдактары «Згоды» дапамагалі Казуліну. Больш за год журналіст хаваўся ў расійскім манастыры, але ў выніку вярнуўся на радзіму.

Суд пачынаўся як адкрыты. Здзвіжкоў у самым пачатку зрабіў хадайніцтва аб адхіленні Аніскевіча ад разгляду справы. Праўда, ужо пасля першай паўзы журналістаў болей у судовую залу не пускалі. Чамусьці Аніскевіч вырашыў правесці суд за зачыненымі дзвярамі.

У выніку Аляксандр Здзвіжкоў быў асуджаны да 3 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Варта адзначыць, што тыя дацкія карыкатуры былі надрукаваныя ў газетах 56 краін, у тым ліку мусульманскіх, але ніхто да Здзвіжкова ў турму за гэтага не трапляў.

Праўда, доўга сядзець за кратамі Здзвіжкову не давялося. Падчас абскарджвання ягоны прысуд быў зменшаны да 3 месяцаў, якія журналіст на той момант ужо адседзеў.

Руслана Аніскевіча ж чакаў чарговы ўзлёт. У жніўні 2008 года яго прызначаюць суддзёй Вярхоўнага суда Беларусі.

Паляўнічая справа

Гучня справа, дзе навонкі вылезла супрацьстаянне двух сілавых ведамстваў – КДБ і МУС. Справа была заведзеная пасля масавых праверак КДБ у Жлобінскім раёне ў 2009 годзе. У выніку за кратамі аказаліся чатыры высокапастаўленыя міліцэйскія начальнікі. Сярод іх — начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Віктар Ермакоў.

КДБ абвінаваціла міліцыянтаў у перавышэнні паўнамоцтваў, калі тыя «ў адсутнасць повадаў і асноваў» арганізавалі на тэрыторыі Жлобінскага раёна «комплекс аператыўна-вышуковых і праверачных мерапрыемстваў, накіраваных на дыскрыдытацыю супрацоўніка УДКБ па Гомельскай вобласці Г., які выявіў парушэнні пры выкарыстанні паляўнічай дачы ў Глушыцы». Як доказ незаконнай паляўнічай дзейнасці міліцыянтаў праходзіла скура забітай рысі.

У відэазвароце да Лукашэнкі адзін з фігурантаў справы Аляксандр Малаеў прасіў спыніць «міліцэйскае бясчынства».

Суддзя Руслан Аніскевіч вынес прысуд міліцыянтам — ад 3 да 5 гадоў зняволення.

Справа пракурора Святланы Байковай

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Яшчэ адна гісторыя супрацьстаяння КДБ супраць іншага ведамства — Генеральнай пракуратуры. Гэтая справа пяць месяцаў слухалася за зачыненымі дзярыма. Па неафіцыйнай інфармацыі, у судзе старшыняваў менавіта Руслан Аніскевіч.

Следчая Святлана Байкова вяла справу з кантрабандай сярод брэсцкіх мытнікаў. Таксама ёй быў арыштаваны былы кіраўнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў Анатоль Грамовіч, былы кадэбіст. Затрыманне Байковай ініцыявалі менавіта ў КДБ.

Тагачасны генпракурор Рыгор Васілевіч спачатку змагаўся за сваю падначаленую, але потым і ён развёў рукі: «Не ідэалізуйце следчага». Ён прызнаў, што ў сваёй працы Байкова часта перавышала службовыя паўнамоцтвы. «Не заўсёды арышты былі абгрунтаванымі і законнымі», — сказаў Васілевіч.

У турме Байкова трымала галадоўку, пісалі лісты Аляксандру Лукашэнку. Яе перавялі на хатні арышт, а справу засакрэцілі. Байкову асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі», прызнаўшы перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?