У выпадку ліквідацыі залішняй колькасці работнікаў на дзяржаўных прадпрыемствах узровень беспрацоўя ў Беларусі можа павялічыцца на 4,2 працэнтнага пункта, гаворыцца ў запісцы Сусветнага банка па пытаннях трансфармацыі рынку працы, прэзентацыя якой адбылася 27 красавіка ў Мінску. 

Нагадаем, у пачатку 2015 года афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі складаў 0,8%. 

На думку эканамістаў Сусветнага банка, гэта паказчык можа істотна вырасці ў выпадку ўстаранення залішняй занятасці на дзяржаўных прадпрыемствах. «Прыкладна дзве траціны работнікаў занятыя ў сектары дзяржпрадпрыемстваў. Высновы эканаметрычнага аналізу на аснове даных на ўзрозні прадпрыемстваў сведчаць аб тым, што залішняя колькасць работнікаў на дзяржпрадпрыемствах складае у сярэднім каля 10%», — канстатуюць эксперты банка. 

На іх думку, пагаршэнне ў Беларусі макраэканамічнай сітуацыі «павялічвае выдаткі захавання непрадукцыйных працоўных месцаў». 

«Калі ў поўнай меры ліквідаваць залішнюю колькасць работнікаў, узровень беспрацоўя можа вырасці сама меней на 4,2 працэнтнага пункта», — гаворыцца ў запісцы Сусветнага банка. 

У пачатку 2015 года, канстатуюць эксперты банка, шэраг дзяржпрадпрыемстваў выкарыстоўвалі адміністрацыйныя адпачынкі і затрымлівалі выплаты зарплаты. «Гэтыя меры не садзейнічаюць павелічэнню прадукцыйнасці працы, чаго можна дабіцца ў ходзе структурных рэформ», — падкрэсліваюць эканамісты Сусветнага банка. 

Эксперты банка рэкамендуюць беларускім уладам перагледзець механізм аказання падтрымкі той часткі насельніцтва, якая застаецца без працы. 

«Пакет існуючых мер падтрымкі на рынку працы не адпавядае патрэбам дынамічнага рынку працоўных месцаў. Узровень дапамогі па беспрацоўі вельмі малы і ахоплівае нязначную колькасць беспрацоўных», — канстатуюць эксперты банка. 

На іх думку, існуючая слабая падтрымка даходаў беспрацоўных абцяжарвае правядзенне рэструктурызацыі дзяржпрадпрыемстваў. «Галоўным выклікам застаецца аказанне дзейснай падтрымкі даходаў усіх беспрацоўных такім чынам, каб мінімізаваць пабочныя эфекты ў выглядзе скарачэння стымулаў да працы, а таксама ўлічыць існуючыя фіскальныя абмежаванні», — лічыць эксперты Сусветнага банка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?