АР

АР

З Непала, дзе цягам трох дзён адбываюцца падземныя штуршкі, спрабуюць выехаць турысты-беларусы. Аэрапорты перапоўненыя, і выехаць з краіны цяпер вялікая праблема.

«Сёння некаторыя амбасады эвакуіравалі жыхароў Еўрасаюза. Мы адпраўлялі хлопчыка з Германіі ў Тайланд на лячэнне, былі ў аэрапорце. Нас бельгійцы не захацелі браць на борт самалёта, які эвакуіруе людзей. Супрацоўніца, якая займалася пасадкай на самалёт, а квіткі пры гэтым бясплатныя, сказала, што беларусы не еўрапейцы. Я кажу: «Мы — Еўропа». А яна адказвае: «Вы не Еўрасаюз». Тады я і мая знаёмая з Расіі спыталі, што ж нам рабіць? На што гэтая спадарыня адказала: «Уступайце ў Еўрасаюз», — распавядае грамадзянка Беларусі Любоў Праневіч, якая апынулася ў Катманду акурат падчас землятрусу.

Па яе словах сёння з раніцы ў краіне было спакойна, а да гэтага цягам двух дзён назіраліся падземныя штуршкі. Самы моцны, які і прынёс вялікія разбурэнні, адбыўся ў суботу. Цяпер ёсць пагроза атручвання вады ад трупаў, бо многа людзей загінула, і не ўсіх паспелі знайсці ды пахаваць.

Уначы людзі спяць у намётах на вуліцы, бо заставацца ў памяшканнях рызыкоўна з-за паўторных землятрусаў.

Любоў гаворыць, што жыццё ў краіне пакрысе наладжваецца — з'яўляецца электрычнасць, недзе ёсць інтэрнэт. «У газетах — самыя страшныя карцінкі, але на месцы ўсё выглядае не так жахліва, на мой погляд», — гаворыць Любоў.

Калі адбыўся землятрус і пра гэта сталі пісаць СМІ, а Любоў Праневіч не выходзіла на сувязь, яе сяброўка званіла ў МЗС Беларусі, каб даведацца, ці можа знешнепалітычнае ведамства дапамагчы з пошукам грамадзянкі нашай дзяржавы. На што дзяжурны супрацоўнік МЗС сказаў, што ведамства цікавілася лёсам арганізаваных тургруп з Беларусі, а ў выпадку з самастойнымі турыстамі і, ў прыватнасці, з асобай Праневіч, параілі званіць, як будзе больш канкрэтная інфармацыя пра яе. Пры гэтым МЗС афіцыйна паведамляў, што беларусы па дапамогу ў сувязі з землятрусам у Непале не звярталіся.

Як паведамілі ўлады Непала, афіцыйная колькасць ахвяр землятрусу, які адбыўся 25 красавіка, на дадзены момант складае 3 617 чалавек, пацярпелых — 6 538. Дадзеныя будуць абнаўляцца.

Пад лавінамі на Эверэсце загінулі па меншай меры 17 чалавек, больш за 60 атрымалі траўмы. 90 чалавек загінулі ў суседніх з Непалам краінах — Індыі і Кітаі.

Сотні тысяч людзей у Непале і пацярпелых раёнах Індыі праводзяць другую ноч запар на вуліцы, баючыся новых падземных штуршкоў. У іх мала ежы і вады.

Землятрус магнітудай 7,9, з эпіцэнтрам паміж сталіцай Катманду і горадам Покхара стаў самым магутным за апошнія 80 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?