Нечаканы выбух эмоцый, які спарадзіў нават не сам гэты тэкст, а адна негалоўная думка ў ім, вымушае мяне вярнуцца да тэмы. Паўсотні каментаў толькі ў адной галіне дыскусіі на Facebook, узаемныя абразы і непазбежны пераход на асобы («А хіба ваш дзед не быў камуністам, Віктар?» Дык не! Не быў! Мой дзед праз прынцыповы характар быў прыбраны з хлебнай пазіцыі бухгалтара ў калгасе прыкладна ў тым узросце, у якім я цяпер; астатняе жыццё працаваў аграномам, у партыі не значыўся!) — дык вось, усе гэтыя жарсці даказваюць: адносіны беларусаў з СССР ёсць траўмай, балючай траўмай.
Частка людзей бачыць гэтую траўму, астатнія ж пра яе баяцца нават згадваць, як згвалтаваная пазбягае прыпамінаць пра гвалт: вопыт знаходзіцца ў прыцемках свядомасці, варушыць і тым больш аналізаваць яго страшна.
І нягледзячы на тое, што задавацца пытаннем, вынесеным у загаловак, — гэтаксама дзіўна, як пытацца, якая карысць была ад таго гвалту (пашырэнне сэксуальнага досведу; знаёмства з падзеяй, горш за якую ўжо не можа быць у жыцці, і г. д.), я прапаную спакойна разабрацца з тым, што даў і што забраў у нас СССР.
Добрае:
- Стварэнне дзяржаўнасці ў наяўных геаграфічных межах. Рэспубліка Беларусь адбылася як суверэннае ўтварэнне — упершыню пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай.
- Ліквідацыя сацыяльнай няроўнасці. Замест галечных сялян і заможных паноў узнікла новае грамадства, дзе кожны мог спадзявацца на жытло, хай сабе і ў выглядзе пакоя ў сямейным інтэрнаце.
- Захаванне і музеефікацыя абранай і ўзгодненай з Масквой гістарычнай спадчыны. Навагрудак, Мірскі замак ды іншыя іканічныя помнікі былі захаваныя з дапамогай вялікіх савецкіх грошай.
- Народная асвета. Закладка бібліятэк нават у аддаленых вёсках.
- Бясплатная адукацыя.
- Бясплатная медыцына.
- Індустрыялізацыя. Пабудова буйных заводаў, якія інакш ніколі не ўзніклі б тут: МАЗ, БелАЗ, МТЗ. Яны былі гонарам не толькі БССР, але і ўсяго Саюза.
- Меліярацыя, засваенне тых зямель на Палессі, якія дагэтуль не былі прыдатныя для сельскай гаспадаркі.
- Арганізацыя інфраструктуры здабычы калійных угнаенняў. Беларусь карыстаецца яе фрагментамі дагэтуль.
- Скасаванне царскай манархіі і ўсталяванне «савецкай дэмакратыі», пры якой органы ўлады абіраліся народам, хай сабе і фармальна.
- Развіццё мовы і культуры. Упершыню за 200 гадоў на беларускай мове пачалі легальна выдавацца кніжкі, з’явіліся празаікі і паэты, шырока дапушчаныя да чытача. Асобныя з іх, напрыклад, Якуб Колас, уваходзілі ў органы ўлады, мелі шанец звяртацца да нацыі і ўплываць на культурную палітыку. На беларускай мове выкладаліся прадметы ў ВНУ, арыентаваных на культуру: Тэатральна-мастацкім інстытуце і Інстытуце культуры. У 1960-я на мове выдаваліся нават школьныя падручнікі, у тым ліку па негуманітарных спецыяльнасцях. Без БССР не было б мулявінскіх «Песняроў».
- Вызваленне нашай тэрыторыі ад фашызму.
Дрэннае:
- ССРБ, а потым БССР прыйшлі на замену сапраўды нацыянальнай дзяржаве, незалежнай ад СССР, якой мела шанец стацца БНР. Дзяржаўнасць БССР была няпоўнай, фактычна нам дэлегаваўся статус федэратыўнай адзінкі, з усімі наступствамі, якія расхлёбваем дагэтуль.
- Так, паноў тут не засталося, але не засталося і гаспадароў. Прынцып «усё вакруг калхознае — ўсё вакруг маё». Знікненне праз эміграцыю ці рэпрэсіі сапраўднай арыстакратыі (лёс Радзівілаў ды іх спадчыны).
- Музеі сталі адным з кірункаў саветызацыі: у кожным маленькім гарадку піянер ля стэнду «Жыццё сялян да Кастрычніцкай рэвалюцыі» мог упэўніцца, што да Леніна тут былі лапці, лебяда і драўляныя сохі. Пра віленскае барока і Статут ВКЛ савецкія музеі прапанавалі забыцца.
- Ці патрэбная была тая ленінская асвета? У адрозненне ад пэўных рэгіёнаў Расіі, насельніцтва ў беларускіх гарадах было адукаванае і начытанае. Пруф — «Запіскі афіцэра Чырвонай арміі» Сяргея Пясэцкага.
- Бясплатная адукацыя. І абавязковае размеркаванне, савецкі ВАК, ідэалогія замест ведаў.
- Бясплатная медыцына. І чэргі ў паліклініках, прусакі і пах кіслай капусты ў шпіталях.
- Згаданая індустрыялізацыя была каланіяльна-хваравітай: суверэннай еўрапейскай Беларусі, не прылепленай да савецкага рынку, такая колькасць трактароў і грузавікоў непатрэбная.
- Меліярацыя прывяла да экалагічных наступстваў. Пасля яе сканчэння выявілася, што на торфе ні халеры не расце. Цяпер Беларусь марнуе да 3 млрд рублёў у год на паўторнае забалочванне.
- Вільня, якую мы страцілі назаўсёды. Краіна жыве з вырваным сэрцам.
- «Савецкая дэмакратыя» ўкараніла тут думку пра тое, што ўлада — не ад Бога, а ад выканкаму. Спаборнічаць за яе, калі цябе не ўпаўнаважылі КДБ і ідэалагічны аддзел, — шукаць праблемы на галаву.
- Аднолькава-панылыя хрушчоўкі, якія назаўсёды скалечылі выгляд беларускіх гарадоў.
- Тая самая ноч на 30 кастрычніка 1937 года, калі ў турме НКВД былі знішчаныя 130 празаікаў, паэтаў і вучоных. Сярод іх — Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, людзі, якія мелі шанец назаўсёды змяніць контуры нашай прозы.
- Русіфікацыя, тэмпы якой апярэджвалі дэкаратыўнае захаванне беларускай культуры ў спецыяльных установах. Ператварэнне мовы ў прыкмету «калгаснасці» і «вясковасці».
- Знішчэнне гістарычнага цэнтра Мінска. Пра тое, як гэтаму спрабавалі супрацьстаяць, гл., напрыклад у «Аўтамаце з газіроўкай» Уладзіміра Някляева. Пачытайце і забудзьцеся на міф, што быццам «гістарычны Мінск быў зруйнаваны Другой сусветнай вайной».
- Вайна ў Афганістане, у якой Беларусь дакладна б не ўдзельнічала сама. Падрабязнасці гл. у «Цынкавых хлопчыках» С. Алексіевіч.
- Пазбаўленне нацыі сапраўднай гісторыі, ліквідацыя памяці пра самыя прыгожыя эпізоды мінуўшчыны, насаджэнне адчування, што нам няма чым ганарыцца, апрача партызанаў, зуброў і буслоў.
- Вуліцы Леніна, Маркса, Дзяржынскага, Сувораўская вучэльня і тыя мазгі, якія гэта ўсё супольна гадуе.
- 1939 год.
- Парк Горкага. Парк Чалюскінцаў. Адсутнасць парка Гарэцкага, парка Багдановіча.
- Чарнобыль. І яшчэ раз: Чарнобыль.





