Расія змяніла свайго прадстаўніка ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе. Замест пасла ў Кіеве Міхаіла Зурабава ў групе будзе працаваць пасол па асаблівых даручэннях Азамат Кульмухаметаў.

Адпаведнае распараджэнне падпісаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, паведаміла 27 красавіка прэс-служба Крамля. 

62-гадовы Кульмухаметаў раней спецыялізаваўся на арабскіх краінах: быў паслом Расіі ў Кувейце (2003—2008) і Сірыі (2011—2014), саветнікам пасольства ў Іарданіі (1993—1998). У савецкія часы працаваў у пасольствах Сірыі (1978—1981) і Егіпта (1987—1988). Займаў пасаду намесніка дырэктара дэпартамента Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі МЗС РФ. Удзельнічаў ва ўрэгуляванні цяперашняга сірыйскага канфлікту. 

У трохбаковую кантактную групу афіцыйна ўваходзяць прадстаўнікі Украіны (былы прэзідэнт Леанід Кучма), АБСЕ (пасол Хайдзі Тальявіні) і Расіі. Неафіцыйна — прадстаўнікі данецкіх і луганскіх сепаратыстаў, на перамовах у Мінску (апошнія адбыліся 11—12 лютага паралельна з самітам «нармандскай чацвёркі») гэта былі Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дзяйнега.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?