Помнік Скандэрбегу ў Тыране.

Помнік Скандэрбегу ў Тыране.

Балканы ўсё яшчэ застаюцца нязведаным краем. Асабліва для беларусаў. З Мінска зусім нядаўна толькі з’явіўся прамы рэйс у Белград. Дарагі. Але няма да Скоп’е, Тыраны альбо Сараева. Толькі «перакладнымі».

Албанія — краіна на захадзе паўвострава. Ні адзін народ для албанцаў не з’яўляецца роднасным. З поўначы краіна мяжуе з Чарнагорыяй, паўпрызнаным Косавам, на ўсходзе — з Македоніяй, на поўдні — з Грэцыяй. Краіна працяглы час была закрытай. І калі нам здаецца, што найгорш жылося ў СССР, то варта падумаць пра Албанію. Дыктатар Энвер Ходжа лічыў сябе самым адданым камуністам у свеце і таму ізаляваў краіну: былі разарваныя нават сувязі з СССР і Кітаем. І кожная сям’я мусіла пабудаваць бункер для сябе на выпадак вайны. Тых бункераў узвялі 700 тысяч. І толькі пасля смерці дыктатара ў 1985 годзе краіна пачала адкрывацца. Але яшчэ не стала папулярнай у турыстаў, хоць і знаходзіцца на ўзбярэжжы двух мораў — Адрыятычнага і Іанічнага.

Бункеры сустракаюцца яшчэ і сёння па ўсёй краіне.  

Бункеры сустракаюцца яшчэ і сёння па ўсёй краіне.

Тырана — метраполія

Ляцець у Тырану з Мінска можна з перасадкамі, але цана будзе высокай. Мы з прыяцелем адправіліся на самалёце з Варшавы да Белграда (88 еўра ў два бакі на чалавека). Адтуль цягніком да чарнагорскага Бара (каля 27 еўра на чалавека ў спальным вагоне). З Падгорыцы, сталіцы Чарнагорыі, прамога злучэння з Тыранай няма.

Бар — горад на ўзбярэжжы. Ад яго збіраліся даехаць да Улцыня, дзе большасць складаюць албанцы і ёсць аўтобус да Тыраны. Цана білета — 18 еўра на чалавека. Але аўтобуса давялося б чакаць дзве гадзіны. Мы адправіліся да чарнагорска-албанскай мяжы на таксоўцы (25 еўра). Хвілін праз 30 ужо былі на месцы.

Як толькі выйшлі з машыны, да нас падышоў мужчына. Нешта спытаў у таксіста і звярнуўся па-англійску да нас: «Шкодар — 12 еўра». Знізілі да 10. Як селі ў машыну, да кіроўцы падышоў і чарнагорскі памежнік: папрасіў купіць на тым баку шампунь для сабакі — там танней.

Кіроўца перадаў чарнагорскім памежнікам нашы дакументы. Праз дзесяць хвілін забралі іх у суседнім акенцы ўжо ў албанцаў. Ні лішніх пытанняў, ні нават штампаў у пашпартах. Дарэчы, з Сербіяй і Чарнагорыяй у Беларусі бязвізавы рэжым. А пры наяўнасці шматразовых шэнгенскай альбо польскай нацыянальнай віз у Албанію свабодны ўезд.

Пакуль стаялі на мяжы, кіроўца прапанаваў адвезці нас проста ў Тырану — за 60 еўра на дваіх.

«Каб вы адразу папярэдзілі, што да Тыраны паедзем, я б паспеў тут заправіцца, — выявілася, што ў Албаніі паліва на 7—8 еўрацэнтаў даражэйшае. А мы ўжо стаялі на надглядзе (хаця ніхто і не надглядаў). — І на чарнагорскім бензіне я з 10 літраў праеду 118 кіламетраў, а калі запраўлюся ў Албаніі — толькі 100», — якасць розная.

Мэрлін, наш новы знаёмец, англійскую вывучыў, калі працаваў афіцыянтам у Улцыні. Па нацыянальнасці — албанец. Але, як вынікала з размовы, гістарычнай радзімай не надта захапляецца: усё-такі ў Чарнагорыі ўзровень жыцця значна вышэйшы.

Дарога на албанскім баку добрая. Да Тыраны — каля ста кіламетраў. Столькі ж на спідометры далёка не новага «Фальксвагена» Мэрліна. А на некаторых участках — абмежаванне хуткасці 50 км/г. «2—3 еўра заплачу паліцэйскаму, калі спыніць, — кажа ён. — Яны зарабляюць тут 120 еўра дзесьці на месяц і карумпаваныя. У Чарнагорыі ў паліцэйскіх заробак у 500 еўра. І там я так не ганяю. Бо не падкупіш: ён табе з лёгкасцю выпіша штраф за перавышэнне на 300 еўра».

Паліцэйскіх, дарэчы, па дарозе бачылі разоў дзесяць. Часцей яны спынялі акурат машыны на чарнагорскіх нумарах: каму ёсць чым даць хабар.

«Тут бедна. Няма працы, у Шкодары — 80 працэнтаў складаюць цыганы, яны вельмі злыя. Але Тырана — гэта метраполія, — не спыняўся паўтараць кіроўца. — Убачыце, там дарога нават на 5 палос».

Валодаюць замежнымі мовамі

Лічыцца, што Албанія — бедная, забітая краіна. Краіна і сапраўды бедная. Але як трапляеш у Тырану, стэрэатып ламаецца. Новыя, зыркія будынкі. Па-еўрапейску апранутыя і ветлівыя людзі. Калі ўжо трапілі ў Македонію, адчулі розніцу паміж албанцамі і славянамі.

У сталіцы няма строга вызначанага гістарычнага цэнтра, старога горада. А галоўнае месца — плошча Скандэрберга, нацыянальнага героя. Тут знаходзіцца гістарычны музей, опера, стогадовая аглядная вежа, старая мячэць.

Рух у Тыране шалёны. Сапраўды, па пяць палос у кожны бок на цэнтральнай вуліцы. Але ў Мінску гэта было б хіба тры паласы: машыны едуць ушчыльную. На знакі мала хто звяртае ўвагі. Я адразу не рашаўся ступіць на пешаходны пераход: хоць мясцовыя нават на чырвонае святло ў любым месцы спакойна пераходзяць. «Галоўнае — глядзець на кіроўцу і ўсміхацца», — пазней раскрыла сакрэт знаёмая студэнтка Арвэла.

У Тыране шмат амерыканскіх сцягоў. Каля гатэляў, у кавярнях. Моладзь носіць яго выяву на майках. Дэніса, дзяўчына якая вадзіла нас у тыранскую мячэць, павязала на галаву шалік у выглядзе амерыканскага сцяга. Тут гэта нармальна. Такая любоў да ЗША звязана з ваеннай аперацыяй у Сербіі ў 1999-м, у выніку якой з’явілася новая краіна — Косава, якую насяляюць албанцы.

На вуліцах Тыраны.

На вуліцах Тыраны.

Мо таму тут многія размаўляюць па-англійску. У Тыране моўных праблем не было. У прасценькай кавярні мы сустрэлі Газі, на выгляд яму было за 60. Ён пацягваў ракію і свабодна размаўляў па-англійску. Ён аказаўся былым выкладчыкам французскай і іспанскай моў. Англійскую ж вывучыў сам (яшчэ ў школе вучыў і расійскую, але памятае толькі асобныя словы). А цяпер працуе таксістам.

Але па-англійску размаўлялі і ў іншых месцах. На ўваходзе ў Нацыянальны гістарычны музей, напрыклад, касірка (што проста немагчыма ўявіць у Беларусі). Прадстаўнік турфірмы, у якой мы набывалі білеты да Скоп’е (улічыце, што гэта не самы папулярны маршрут, а замежнікаў тут не так і шмат). А затым і кіроўца маршруткі ў Македонію. Афіцыянты. І моладзь на вуліцах, зразумела.

На вуліцах Тыраны.

На вуліцах Тыраны.

Дарэчы, шмат хто ведае італьянскую мову. У 1939—1943 гадах краіна была акупавана Італіяй. Калі ў наш час абрынуўся рэжым Ходжы, албанцы пачалі эміграваць менавіта туды. І сёння ў гэтую краіну масава выязджаюць на працу. Моладзь часта думае пра тое, каб з’ехаць за мяжу жыць. Арвэла і Дэніса — нашы албанскія знаёмыя — таксама мараць пра гэта.

Дэніса і Арвэла мараць пакінуць Албанію.

Дэніса і Арвэла мараць пакінуць Албанію.

Дарэчы, калі верыць статыстыцы, у самой Албаніі пражывае толькі 2,8 мільёна чалавек, яшчэ пяць мільёнаў албанцаў — у іншых краінах (Косава, Сербія, Македонія, Грэцыя, Чарнагорыя).

Памятаюць пра цяжкія часы

У цэнтры Тыраны да сёння стаіць закінуты будынак, які нагадвае егіпецкую піраміду. Гэта маўзалей для Энвера Ходжы. Меркавалася, што яго цела будзе ляжаць тут. Але не выйшла. Спачатку ён быў пахаваны на могілках побач з героямі. Пасля змены курсу ў краіне цела дыктатара перапахавалі на ўскрайку горада. А будынак маўзалея прыйшоў у заняпад. Дзеці бегаюць па ім, турысты фатаграфуюцца на яго фоне. «Будынак думалі знесці, але пакінулі, каб людзі думалі, каго яны выбіраюць. Каб не забываліся, наколькі было цяжка», — кажа Арвэла.

Горы вакол Тыраны хоць і малыя, але заварожваюць.

Горы вакол Тыраны хоць і малыя, але заварожваюць.

У Албаніі за часамі Ходжы рэлігія была ў большым загоне, чым у СССР. Але калі камуністычны рэжым ляснуўся, людзі вярнуліся да рэлігіі. Наколькі актыўна? Не магу сказаць. Але ў Тыране ёсць мячэці (іслам вызнае большасць вернікаў), прынамсі па адным касцёле і царкве. Але мусульманак, якія хадзілі ў хіджабе, было крайне мала. У паранджы бачылі толькі аднойчы.

Між іншым, адна з самых вядомых хрысціянскіх манашак сучаснасці — каталічка маці Тэрэза — нарадзілася ў албанскай сям’і ў Скоп’е. Але ў абедзвюх краінах яе лічаць сваёй. Аэрапорт Тыраны носіць яе імя.

Прымальныя цэны

Што яшчэ ўражвае ў Тыране, дык гэта вялікая колькасць кавярняў і кропак фастфуду. І ў іх пастаянна ёсць наведнікі. У людзей можа не быць шмат грошай, але на каву знойдуцца. Цана на гэты напой тут у сярэднім складае 50-100 лек (1 еўра = 120 лек).

17 красавіка, +23 градусы. Таксіст хаваецца ад сонца ў багажніку.

17 красавіка, +23 градусы. Таксіст хаваецца ад сонца ў багажніку.

З’есці ў прыватнай маленечкай кавярні аналаг хот-дога з каўбаскамі і запіць яго бакалам хатняга віна — 120 лек. Порцыя tave dheu (нацыянальная страва з сыру, мяса, перца) — 200 лек. Уласнік усё гатуе сам у цябе на вачах.

Пад’есці ў іншых месцах, шаурма і «Пепсі» — 250 лек, выпіць куфаль піва — 150. За бутэльку белага албанскага віна, каўбаску і булку ў краме выклалі 370 лек, за памідоры і масліны — 190, кавалак сыру — 140. Абед — суп, паста, газіроўка — 750 лек. Нумар у гатэлі — 33 еўра (на дваіх), ноч у хостале — 15 еўра.

Сталіца без вакзалаў

На паўдня мы адправіліся ў Дурэс. Гэта другі па велічыні горад Албаніі, за 30 кіламетраў ад сталіцы. Марскі порт. Наведаць яго можна дзеля цікавасці да гісторыі (тут захаваліся рэшткі антычнага амфітэатра, рынкавыя плошча часоў Візантыі, цікавы археалагічны музей) альбо каб толькі палюбавацца Адрыятычным морам.

Дурэс.

Дурэс.

Дурэс, рэшткі антычнага амфітэатра.

Дурэс, рэшткі антычнага амфітэатра.

Маршруткі адпраўляюцца з плошчы Зогу: у Тыране няма ні чыгуначнага, ні аўтобуснага вакзалаў. Мясцовыя ведаюць, дзе на які кірунак можна сесці. Турыстам разабрацца складаней. Праезд да Дурэса каштуе 150 лек.

Дарэчы, будынак чыгуначнага вакзала яшчэ захаваўся. А вось рэйкі разабралі.

Будынак чыгуначнага вакзала ў Тыране. Але цягнікі больш не ходзяць.

Будынак чыгуначнага вакзала ў Тыране. Але цягнікі больш не ходзяць.

Адсюль некалі адпраўляліся цягнікі. Цяпер, падобна, будуюць звычайную дарогу.

Адсюль некалі адпраўляліся цягнікі. Цяпер, падобна, будуюць звычайную дарогу.

…Тры дні ў Тыране пакінулі прыемныя ўражанні: тут усходняя культура сутыкаецца з еўрапейскімі каштоўнасцямі. І яны бесканфліктна, як выглядае, суіснуюць.

Далей мы адправіліся ў Скоп’е. Білет на маршрутку — 20 еўра.

Глядзіце таксама: На ўласнай практыцы: Чарнагорыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?