Добры дзень, Валера Гапееў!

З цікавасцю і надзеяй пачаў чытаць Ваш допіс у «Нашай Ніве» за 25 сакавіка. З цікавасцю, бо, па-першае, Ваша прозвішча мне знаёмае, хаця, на жаль, памяць не ўтрымала, каму яно належала, аднак некалі ведаў аднаго чалавека з такім прозвішчам. Па-другое, Івацэвічы — мая малая радзіма.

Я нарадзіўся і вырас у вёсцы Кушняры ў 1938 годзе, дзе і закончыў пачатковую школу, а 5 і 6 класы — у Падстарыні, сямігодку — у новапабудаванай Сенькавіцкай сямігодцы.

Незразумела толькі, чаму так яе назвалі, бо яна бліжэйшая (на ўскрайку) да вёскі Кушняры, чым Сенькавічы. Цяпер, праўда, тыя вёскі злучыліся, а школу тую зачынілі праз недахоп вучняў. А сярэднюю школу ў 1955 годзе я заканчваў у Івацэвічах, на жаль, ужо рускамоўную. Праўда, ніхто з нас у той час ніякай трагедыі ў тым не бачыў, хутчэй нават наадварот: як-ніяк мы рабіліся «гарадскімі».

Гэта ўступ. Цяпер пра Ваш допіс. Адразу адзначу, што я крыху расчараваўся, што Вы не івацэвіцкі, а рагачоўскі: Вы — усходнік, а я — заходнік, а гэта нешта ды значыць. Вось толькі адзін прыклад. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ ў 1968 годзе я быў накіраваны ў Горкі Магілёўскай вобласці. І якое ж было маё здзіўленне, калі ў рэдакцыю раёнкі прыйшоў ліст, што ў нейкай вёсцы разваліўся адзіны калодзеж, і людзі павінны хадзіць па ваду ў рэчку, а сельсавет не рамантуе таго калодзежа. Паўтаруся: для мяне гэта было не толькі дзіўна, але і дзіка, бо ў маёй роднай вёсцы калодзежы былі амаль на кожным сялянскім падворку, зрэдку на ўскрайку вуліцы на 2—3 двары, прычым людзі самі іх капалі, а тут — адзін на вёску. 

Не ведаю, праўда, дзе малая радзіма Вашых бацькоў, як даўно Вы жыхар Івацэвічаў. Дык вось, з загалоўка ніяк нельга зразумець, пра што допіс. Першая ўзнятая тэма — крыўда і боль пра лёс беларускай мовы, беларускасці наогул у краіне пад назвай Беларусь. Гэта было б смешна, калі б не было так дзіка: паспрабуйце ўявіць Францыю без французскай мовы, Польшчу — без польскай. Цалкам падзяляю Вашу трывогу і боль, спадар Валер Гапееў.

А вось наконт другой тэмы, узнятай у Вашым допісе, яна і вынесеная ў загаловак, я ка-тэ-га-рыч-на з Вамі не згодны. І вельмі здзіўляе, што могліцы з дрэвамі Вы называеце Раем, а без дрэў — Пусткай.

Можна ганарыцца дубам, якім упрыгожаны допіс, але калі б ён не рос на могліцах. Але ж спусціцеся на зямлю і ўявіце: колькі надмагільных помнікаў ён раструшчыць, знішчыўшы памяць пра тых, хто там пахаваны. Некаторыя, вядома, будуць адноўлены, на што пойдуць немалыя грошы, грошы, з якіх Вы няўдала і не да месца іранізуеце, бо без іх (а іх у большасці катастрафічна не хапае). А многія, упэўнены, і не будуць адноўлены альбо з-за недахопу тых жа грошай, альбо з-за таго, што і нашчадкаў ці проста родзічаў не засталося. Значыць, і памяць пра многіх рана ці позна раструшчыць пад сабой той дуб-асілак, які аджывае сваё. І я цалкам падтрымліваю думку, што высакарослым дрэвам не месца на могліцах. 

Ну, а каб на могліцах вецер не гуляў, дык садзіце там кусты бэзу ці яшчэ што…

…Нядаўна быў на могліцах у маёй роднай вёсцы, дзе пахаваны мае нашчадкі, многія родзічы і проста знаёмыя вяскоўцы. І там растуць велізарныя дрэвы, некаторыя ўжо сухія. І з трывогай думаў, чаму нікому няма справы, каб прыбраць тыя дрэвы. І нават уцяміць не мог, што знойдзецца адукаваны чалавек, які будзе так шчыра абараняць тыя дрэвы, параўноўваючы нават з раем…

Высакарослым дрэвам месца ў лесе ці ў парку, але ніяк не на могліцах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?