У пачатку сакавіка з узламанай паштовай скрыні Леаніда Судаленкі на адрас падатковай інспекцыі Савецкага раёну Гомеля невядомыя даслалі некалькі парнаграфічных ролікаў. Распаўсюд парнаграфіі нібыта адбыўся з IP-адрасу, зарэгістраванага на вул. Палескай, 52, дзе месціцца РГА «Прававая ініцыятыва». Кіраўніком яе з’яўляецца Судаленка.

У красавіку ў хаце і офісе праваабаронцы прайшлі вобшукі. У яго канфіскавалі некалькі сістэмных блокаў ад камп’ютараў, ноўтбук, які належыць сыну. Навіны пра распаўсюд порна былі для Судаленкі як гром сярод яснага неба.

«Я даведаўся пра вобшукі, калі быў у Стакгольме на праваабарончай канферэнцыі. Затым вярнуўся і разам з адвакатам пайшоў у мясцовае аддзяленне Следчага камітэта. Там мне паведамілі, што справу па распаўсюдзе порна распачалі, але не супраць мяне, а проста па факце, — тлумачыць Судаленка. – Я праходжу як сведка».

Яшчэ да гэтых падзей, у студзені, праваабаронца скардзіўся ў тэхпадтрымку mail.ru на тое, што ягоную паштовую скрыню ўзламалі невядомыя. Сканы гэтай перапіскі Судаленка таксама прадаставіў следчым.

«Я быў у Следчым камітэце 14 красавіка, усё растлумачыў. Мне сказалі, што выклічуць, калі спатрэбіцца. Пакуль што — цішыня, — кажа Судаленка. — А сістэмныя блокі ніхто яшчэ не вярнуў. Нібыта ўся тэхніка знаходзіцца на экспертызе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?