Фота: healthination.com

Фота: healthination.com

Група навукоўцаў цэнтра чалавечай генетыкі Wellcome Trust у Лондане апублікавала у часопісе Current Biology даследаванне непасрэднага ўплыву дэпрэсіі на гены чалавека.

Падчас аналізу генаў 11 тысяч чалавек навукоўцы шукалі гены, што падвышалі бы рызыку развіцця дэпрэсій. Але нечакана для сябе знайшлі сляды ўплыву дэпрэсіі ў павелічэнні аб’ёмаў мітахандрыяльнай ДНК.

«Мы выявілі нечаканую сувязь між энергетыкай клетак і цяжкой дэпрэсіяй, што раней разглядалася як расстройства настрою», — тлумачыць прафесар Джонатан Флінт. Па яго словах, навукоўцы спачатку не паверылі сваім вынікам.

Для пацверджання тэорыі навукоўцы даследавалі лабараторных мышэй, што перажылі стрэс цягам 4 тыдняў. Змены ў іх узроўні мітахандрыяльнай ДНК насамрэч выклікаліся гармонам стрэсу картыкастэронам (у мышэй больш актыўным, чым у чалавека). Таксама стрэс выклікаў у мышэй змяншэнне целамераў (канцавых участкаў храмасом), што наўпрост уплывае на працягласць жыцця.

Але змены былі зваротнымі — калі мышэй выводзілі са стрэсу, ДНК аднаўлялася.

Дэпрэсія можа быць метабалічным адказам на стрэс, лічаць навукоўцы. Колькасць мітахандрыяльнай ДНК павялічваецца, каб ствараць больш энергіі для цела, якое слабне ў барацьбе са стрэсам.

Магчыма, змены мітахандрыяльнай ДНК атрымаецца выкарыстаць як маркер стрэсу для дыягностыкі і наступнага лекавання клінічных дэпрэсій.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?