«Прагрэс». Фота: naked-science.ru
Касмічны грузавік «Прагрэс М-27М» пачаў некантраляваны сыход з арбіты, паведамляе РІА Новості. За суткі ён згубіў некалькі дзясяткаў метраў вышыні. Запусціць рухавікі, каб скарэктаваць арбіту, не ўдасца.
Як сцвярджае крыніца РІА Новості, дакладныя час і месца падзення фрагментаў «Прагрэсу» на Зямлю можна будзе прадказаць толькі за некалькі гадзін.
Цэнтр кіравання палётамі пакуль спыніў спробы аднавіць сувязь з караблём.
Касмічны грузавы карабель «Прагрэс», што стартаваў з Байканура 28 красавіка, падчас стыкоўкі з МКС пачаў бескантрольна круціцца. За ноч 29 красавіка аператары не здолелі звязацца з «Прагрэсам», каб спыніць яго кручэнне.
Канфуз тым большы, што дадзены касмічны апарат павінен быў даставіць на касмічную станцыю Сцяг Перамогі. Гэты сімвалічны акт быў шырока анансаваны ў расійскіх СМІ. Калі стала вядома пра страту апарата, у тых самых СМІ сталі сцвярджаць, што Сцяг Перамогі ўжо даставілі на станцыю раней, у сакавіку.





