Сёння вечарам у Мінск прыбудуць больш за 200 гасцей з Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Ізраіля і Чэхіі, якія возьмуць удзел у мемарыяльных мерапрыемствах да 70-годдзя Перамогі над фашызмам «Памятаем дзеля агульнаеўрапейскай будучыні», паведамілі ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры (МАЦ) імя Ёханэса Рау.

Арганізатарамі гэтай паездкі памяці выступілі Дортмундскі і Мінскі МАЦ, фонд «Заходне-Усходнія сустрэчы», саюз «Дамы замест Чарнобыля», Міжнароднае аб'яднанне народных універсітэтаў, Евангелічныя цэрквы Германіі і іншыя.

У мемарыяльных мерапрыемствах таксама ўдзельнічаюць сваякі загінуўшых у лагеры смерці Трасцянец, прадстаўнікі дыпкорпусу шэрагу краін, каталіцкай, евангелічнай і праваслаўнай цэркваў, навуковай супольнасці. Акрамя таго, да ўдзелу запрошаны чыноўнікі МЗС Беларусі, а таксама ўпаўнаважаны па пытаннях супрацоўніцтва грамадзянскіх ініцыятыў МЗС ФРГ Гернат Эрлер, дырэктар Усходняга камітэта Германскай эканомікі Райнэр Лінднэр, дэпутаты бундэстага Олівер Качмарак і Рэнэ Рэспель. Мерапрыемствы патрануе былы прэм'ер-міністр зямлі Брандэнбург Маціяс Плацэк.

На працягу пяці дзён замежныя госці разам з прадстаўнікамі беларускай грамадскасці падыскутуюць пра перспектывы агульнаеўрапейскай культуры памяці, кірункі нямецка-беларускага супрацоўніцтва на ўзроўні грамадзянскіх ініцыятыў і дзяржаў, пачуюць ўспаміны сваякоў людзей, якія загінулі ў Трасцянцы.

Так, 2 мая ўдзельнікі паездкі змогуць наведаць мемарыяльны комплекс «Хатынь», помнік ахвярам Халакосту ў Бабруйску, а таксама прайсціся з экскурсіяй па гістарычных мясцінах Мінска і сустрэцца са сведкамі ваенных падзей у Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна.

Паездка ў Трасцянец чакае ўдзельнікаў мерапрыемства 3 мая. Затым у мінскім храме Усіх Святых госці абмяркуюць шляхі паразумення паміж немцамі і беларусамі і паслухаюць выступы прадстаўнікоў розных хрысціянскіх цэркваў і яўрэйскіх абшчын.

Дыскусіі аб супрацоўніцтве грамадзянскіх ініцыятыў і дзяржавы ў галіне сацыяльнай працы са сведкамі ваенных падзей, перспектывах агульнаеўрапейскай культуры памяці на аснове германскага, польскага і беларускага вопыту пройдуць 4 траўня.

У заключны дзень мемарыяльнай паездкі, 5 мая, удзельнікі мерапрыемства падвядуць вынікі і прымуць сумесную заяву аб Трасцянцы як аб'екце агульнаеўрапейскай памяці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?