Фота Сяргея Балая, TUT.BY
Завяршыўся 31-ы чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы, які праходзіў у Мінску 1—3 мая.
Адін залаты, чатыры сярэбраныя і чатыры бронзавыя медалі заваявалі беларускія спартсменкі.
Лідар жаночай зборнай Беларусі Меліціна Станюта фінішыравала другой у практыкаванні з абручом, саступіўшы толькі расіянцы Маргарыце Мамун. Бронзу ў гэтых спаборніцтвах заваявала яшчэ адна беларуска Кацярына Галкіна.
У практыкаванні з мячом дзве верхнія прыступкі пастамента засталіся за расіянкамі Янай Кудраўцавай і Маргарытай Мамун, а тройку наймацнейшых замкнула Станюта.
У фінале з булавамі беларускія дзяўчаты Станюта і Галкіна набралі аднолькавую суму балаў, а таму падзялілі трэцяе месца. Першынствавала расіянка Кудраўцава, следам размясцілася ўкраінка Ганна Рызатдзінава.
І, нарэшце, у кампазіцыі са стужкай Станюта заваявала яшчэ адзін сярэбраны медаль, прапусціўшы наперад толькі Кудраўцаву, якая атрымала перамогі ў трох відах праграм на мінскім першынстве.
Фота Сяргея Балая, TUT.BY
Медальны залік:
Расія — 6 залатых, 2 сярэбраныя медалі,
Беларусь — 1, 4, 4,
Украіна — 0, 1, 2,
Азербайджан, Ізраіль — па 0, 0, 1.