15min.lt
Мужчынская гандбольная зборная Літвы перамагла сёння, 3 мая, у Каўнасе ў матчы адборачнага турніру да чэмпіянату Еўропы 2016 зборную Босніі з лікам 19:15, чым павысіла шанцы беларусаў на выхад на кантынентальнае першынство.
Беларусы цягам гэтага тыдня двойчы прайгралі лідарам групы Даніі: дома 27:36 і ў гасцях 23:32, але цяпер шансы на 2-е месца ў групе не такія і безнадзейныя.
Пасля 4 тураў: Данія — 8, Боснія, Беларусь — 3, Літва — 2.
Зборная Беларусі згуляе ў гасцях з Босніяй 11 чэрвеня і дома з Літвой 14 чэрвеня. Боснія 14 чэрвеня гуляе з Даніяй у гасцях.
Увосень беларусы перамаглі Літву ў гасцях (30:28) і згулялі ўнічыю (25:25) з Босніяй дома.
Цяпер задача беларусаў — не прайграць у гасцях Босніі і перамагчы дома Літву.
Чэмпіянат Еўропы па гандболе пройдзе ў студзені 2016 г. у Польшчы.