У 2014 годзе ў Беларусі выпушчана 11.613 найменняў кніг і брашур агульным накладам большым за 31,2 млн. асобнікаў. Пры гэтым на рускай мове выпушчана 9.572 выданні, на беларускай — 1.105.
Такія звесткі прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт у аглядзе да Дня друку, які адзначаецца 5 мая.
Лідарамі сярод абласцей Беларусі па выпуску кніг і брашур у 2014 годзе сталі Мінск (8.591) і Гомельская вобласць (1.234).
Як зазначае Белстат, у краіне з кожным годам павялічваецца гадавы наклад часопісаў і іншых перыядычных выданняў. За мінулы год ён павялічыўся на 3,3%. У 2014 годзе на беларускай мове было выпушчана 132 часопісы і іншых перыядычных выданняў.
Апрача таго, у 2014 годзе выпускаліся: 205 рэспубліканскіх газет; 52 абласныя газеты; 131 гарадская газета; 119 раённых газет. Усяго было выпушчана 619 найменняў (у 2013-м — 654), разавы наклад газет склаў 6,3 млн. асобнікаў (6,6 млн.), гадавы — 445,4 млн. (455 млн.), на 1.000 насельніцтва было выдадзена 667 газет (700).





