У мінулую нядзелю, 3 мая, падчас матчу чэмпіянату краіны па футболе ў першай лізе паміж ФК «Баранавічы» з ФК «Дняпро» Магілёў у Баранавічах адбылася сутычка паміж АМАПам і фанатамі.

Міліцыянты хутка «паклалі» заўзятараў, а потым некаторыя з іх дабівалі падлеткаў, што не аказвалі супраціву, на зямлі.

Адзін з пацярпелых баранавіцкіх фанатаў распавёў «Нашай Ніве» падрабязнасці.

«Мы ладзілі агульны фанацкі збор каля кас у 14:00, нас было дзесьці 40 чалавек — большасць з іх непаўналетнія. З намі былі два міліцыянты, якія нас нібыта ахоўвалі. Праз некаторы час прыехаў мікрааўтобус з магілёўскімі фанатамі, яны высадзіліся каля стадыёна і накіраваліся да нас, гукаючы сваю крычалку «Ма-гі-лёў». Нашыя «малыя» напалохаліся, што зараз будзе бойка і «ламануліся» да варотаў, якія ці то былі адчыненыя, ці то не вытрымалі націску. І ўжо за варотамі нас атачыў АМАП і пачаў збіваць. Білі моцна — у галаву, па нагах. Потым паставілі каля сеткі і пачалі «шманаць». Пасля ўсіх завезлі ў ГАУС і прымусілі падпісаць паперку, што мы не маем прэтэнзій да дзеянняў міліцыі.

Падпісалі ўсе, акрамя аднаго — яму адбілі ключыцу і ён не мог варушыць правай рукой», — сказаў хлопец і падкрэсліў, што, імаверна, АМАПаўцы пераблыталі іх з магілёўцамі.

«Аднак мне ўсё роўна не зразумела, чаму нас білі нагамі і дубінкамі, калі ніхто з нашых не аказваў ніякага супраціву, а бойкі з магілёўцамі таксама не было. Добрая прафілактыка ў іх», — іранічна рэзюмаваў баранавіцкі фанат і адзначыў, што падчас працы АМАПа адзін з міліцыянтаў крачыў калегам «Што вы робіце?». 

Міліцыя пакуль не каментуе здарэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?