Зборная Беларусі па хакеі правяла трэцюю сустрэчу на чэмпіянаце свету, які цяпер праходзіць у Чэхіі. Сёння ў Остраве нашы хлопцы сустракаліся з Даніяй.
Фота Сяргея Зініна.
Варта адзначыць, што гэта зборныя прыкладна аднаго ўзроўню. Да датчан на чэмпіянат таксама не прыехалі іх заакіянскія зоркі. Букмекеры ж аддавалі невялікую перавагу беларусам.
Першы перыяд пацвердзіў той факт, што сустракаюцца роўныя каманды. Хаця дзеля справядлівасці варта адзначыць, што датчане атакавалі крыху часцей і больш небяспечна. І на 13-ай хвіліне Якабсан вывеў сваю каманду наперад – 1:0.
Першы перыяд і скончыўся такім лікам. Здавалася, трэба чакаць упартай барацьбы ў астатнія 40 хвілін. Але нечакана беларусы цалкам перахапілі ініцыятыву.
Не паспеў другі перыяд пачацца, як Артур Гаўрус зрабіў лічбы на табло роўнымі. На 27-ай хвіліне Яўген Кавыршын прымусіў беларускіх заўзятараў у другі раз пераможна ўскінуць рукі. А яшчэ праз дзве хвіліны Ілля Шынкевіч закінуў трэцюю нашу шайбу. Пасля гэтага датчане так і не змаглі прыйсці ў сябе.
Беларусы яшчэ двойчы адзначаліся трапнымі кідкамі, яны на рахунку ўсё таго ж Кавыршына, а таксама абаронцы Івана Усенкі – 5:1. Звышупэўненая перамога. Зроблены яшчэ адзін крок у накірунку чвэрцьфіналу чэмпіянату.
Варта адзначыць, што на трыбунах было добра відаць некалькі бел-чырвона-белых сцягоў, а таксама вялікая расцяжка на лацінцы Žyvie Biełaruś!
7 мая наша каманда правядзе наступную гульню супраць зборнай ЗША. Пачатак а 17:15.





