Фота Юліі Мацкевіч.

Фота Юліі Мацкевіч.

17 красавіка Валярына Кустава — свецкая львіца, выкладчыца, аўтарка і вядоўца тэлеканала «Белсат», пабралася шлюбам з Васілём Дранько-Майсюком — рэжысёрам, сынам знакамітага паэта. Усе чакалі пышнага вяселля, але закаханыя сціпла і не публічна ажаніліся і толькі цяпер расказалі «Нашай Ніве» пра сакральнасць сваіх пачуццяў.

«Наша Ніва»: Гэта не было каханнем з першага погляду? Наколькі мне вядома, з Васілём вы знаёмыя даўно. Што перашкаджала раней заўважыць адно аднаго?

Васіль Дранько-Майсюк: Тут можна паспрачацца. Перад тым, як па-сапраўднаму ўбачыць сваё каханне з першага погляду, трэба, як казаў японскі філосаф Сэсон, прайсці і другія, і трэція, і пятыя погляды. І калі ўсе лішнія погляды знікнуць у нябыце, тады і з’явіцца ён — першы погляд, пры якім і нараджаецца сапраўднае каханне.

26 лістапада — дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча — гэта дзень нашага першага сапраўднага і насамрэч чароўнага спаткання, падчас якога ўсё лішняе сплыло і прыйшло сапраўднае.

Валярына Кустава: Хутчэй, мы мелі каханне з першага спаткання, пасля якога не расстаёмся. Гэта быў Космас. Каханне — гэта штука, якая глыбее штодня і робіцца ўсё мацнейшай і мацнейшай. Таму нават каханне сёння цяжка параўнаць з тым каханнем, што было пару месяцаў таму. З эмацыйнай сімпатыі, фізіялагічнай уражанасці і жарсці, інтэлектуальнага ўзрушэння пачуццё выгадоўваецца ў сардэчную і духоўную еднасць і каханне-жыццё.

«НН»: Васіль, у які момант ты зразумеў, што Валярыну трэба зваць на першае спатканне?

ВДМ: Я чарговы раз прыехаў з Масквы ў Менск. На некалькі дзён. У цягніку мне прысніўся сон. Я лячу за прыгожымі рознакаляровымі птушкамі (там былі і вераб’іхі, і галубкі, і індычкі, і калібры, і куры, і папугаіхі, і шмат-шмат хто яшчэ). Хачу іх злавіць і схаваць у торбу. І раптам перада мной паўстае мастак Язэп Драздовіч, перакрывае дарогу сваёй паставаю. «Дурррррань! — крычыць ён. — Куды ляціш? Каго ловіш???!» — схапіў ён свой самаробны, прыгожа інкруставаны кій — і як даў мне па лбе, і я паляцеў. Але не ўніз, а кудысьці ўверх — у само сонца. І так у гэтым сонцы ўтульна, добра, выдатна, што проста не выказаць!

У той жа вечар выпадкова пабачыў у фэйсбуку, як Валярына чытае верш Янкі Купалы «Жняя», у якім галоўная гераіня параўноўваецца з самім сонцам. Я адчуў, што трэба патэлефанаваць Валярыне і запрасіць яе на спатканне.

«НН»: Якім яно было?

ВК: Спадабалася, што Васілю заімпанавала мая прапанова зламаць усю сістэму спатканняў і сустрэчаў, якія ў яго і ў мяне былі раней: мы не цалаваліся на першым спатканні, і я папрасіла не казаць мне словы, якія гаварыў усім да мяне, накшталт «цудоўная», «сонечная», «па-джакондаўску адпаднае стварэнне», «цуд» і г.д. Да таго ж я не веру словам, толькі ўчынкам. Калі словы і ўчынкі супадаюць — файна.

Хаця на першым жа спатканні Васіль (я не ўспрыняла на той момант гэтыя словы ўсур’ёз) прапрасіў: «Паабяцай мне, што будзеш са мной назаўсёды. Ты мне вельмі патрэбная».

Я ж са свайго боку вырашыла не гуляцца і не мучыць Васіля прыдуманымі капрызамі і заданнямі, накшталт «хачу падвескі князёўны Радзівіл» ці «заўтра сустрэнь на лімузіне!».

І ад першага спаткання мы пачалі ламаць гэтыя нашыя сістэмы, а аскепкі ад іх спалілі на цёплым агмяні ў нашай сямейнай духоўцы, дзе пазней я згатавала сваё першае «мяса па-французску», якое з асалодай і з’еў мой будучы муж.

ВДМ: Спатканне было атулена святам дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Мы сядзелі ва ўтульнай рэстарацыі (на вуліцы Карла Маркса, недалёка ад кватэры самога пісьменніка). Пра што мы размаўлялі? Пра эратызм прозы Міхася Зарэцкага і неўтаймаванасць лірыкі Міхася Стральцова, пра тое, што па-цінтабрасаўску палка цалавацца варта з другога спаткання.

«НН»: Як развіваліся вашыя адносіны?

ВДМ: Адносіны развіваліся з экспрэсіяй ранніх паэм Максіма Танка! «НН»: Што вы адкрылі адно ў адным, чаго, магчыма, не бачылі раней?

ВК: Мяне ўразіла, якім адказным, клапатлівым, шчырым, добрым і разумным аказаўся Васіль. Ён добры і вельмі годны чалавек, цікавы і глыбокі суразмоўца. Адкрыла блізкасць нашых выгадаваных за гэты час асобна і супалых цяпер поглядаў і пазіцый. А яшчэ ён дзівосна чыста і хутка мые посуд! Не налюбавацца.

Фота Юліі Мацкевіч.

Фота Юліі Мацкевіч.

ВДМ: Акіян іроніі, аднолькавыя погляды на жаночае хараство і рознасць поглядаў на хараство мужчын, уменне смяяцца з саміх сябе, аднолькавую любоў да ласасёвага колеру. А яшчэ Валярына проста геніяльна гатуе! Жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна пазайздросціла б яе кулінарным талентам!

«НН»: Васіль, апішы, калі ласка, характар Валярыны, а ты Валярына — Васіля.

Валярына Кустава: Васіль — лёгкі, утульны, адказны, клапатлівы, шчодры і шчыры, эмацыйны, старанны, разумны, вясёлы, даверлівы. І гэтага дастаткова. Што немалаважна для мяне — ён таленавіты ў сваёй справе, ён выдатны драматург і выключна разумеўся з дзеткамі, якім выкладаў тэатральнае майстэрства.

ВДМ: Валярына — яркае спалучэнне хараства ўнутранага і вонкавага. Яна — добрая, вясёлая, гаспадарлівая, бязмежна ўтульная і артыстычная. Менавіта так апісваў ідэальную жанчыну Максім Багдановіч, калі Вацлаў Ластоўскі пытаў у яго, з якой бы жанчынай той ажаніўся б. Яна мяне здзіўляе не толькі сваімі кулінарнымі здольнасцямі, але і сваёй выключнай працавітасцю. З аднолькавым творчым імпэтам і прафесіяналізмам яна вядзе перадачы на ТБ, выкладае студэнтам драматургію і журналістыку, піша вершы. Яе верш пра козаў Тархава і пялёсткі Каровіна — адзін з маіх любімых.

«НН»: Валярына, ці рабіў Васіль якія цікавыя падарункі ці сюрпрызы?

ВК: Увесь час. Пачынаючы ад звычайных прыемных дробязяў: кветкі, рэстарацыі, паходы ў тэатры і музеі — да пярсцёнкаў і нечаканых прызнанняў і прапановаў.

Самы запамінальны падарунак — гэта заручальны пярсцёнак, які ён падарыў мне неўзабаве пасля таго, як зрабіў прапанову. Гэта пярсцёнак прабабулі Васіля Лесі, родавы, палескае золата. Мяне вельмі гэта ўразіла. А вясельны пярсцёнак мы разам выбіралі — у Маскве.

«НН»: Як была зробленая прапанова рукі і сэрца?

ВК: Прапанова была не адна. Першая — недзе праз тыдзень пасля першага спаткання. Я думала. Але потым вырашыла: чаго думаць, калі сам Космас нам шэпча.

«НН»: Чаму, Валярына, ты не ўзяла прозвішча мужа?

ВК: Васіль праявіў сваю «дыктатарскую» волю. Ён з ультыматыўнай пяшчотай сказаў: «Куставай ты была — Куставай будзь і надалей здзяйсняйся!»

«НН»: Ці змянілася ўсведамленне сябе пасля таго, як вы ўзялі шлюб?

ВК: Я стала больш патрабавальнай да сябе — цяпер усё больш хочацца быць лепшай за сябе ранейшую. Прычым гэта распаўсюджваецца на ўсё: працу, побыт, выгляд. І — як ні дзіўна — паэзію. І такое цікавае адчуванне: раней я была шчаслівая сама. А цяпер — жыву жыццём, якое нібыта мяне чакала.

Васіль Дранько-Майсюк з мамай Валярыны спадарыняй Зосяй. Фота Юліі Мацкевіч.

Васіль Дранько-Майсюк з мамай Валярыны спадарыняй Зосяй. Фота Юліі Мацкевіч.

ВДМ: Я і не ведаў, якое гэта шчасце хадзіць разам з каханым чалавекам на Камароўскі рынак, які Максім Танк параўноўваў з Манмартрам!

«НН»: Дзе вы плануеце жыць? Цяпер вы нават у розных краінах знаходзіцеся.

ВК: Пабачым. Але нам абаім важна не губляць сувязь з беларускай культурай. Пакуль што Васіль з’ехаў з Масквы, каб быць разам са мной, у Мінск. Я мінімізавала сваё знаходжанне ў Варшаве, каб быць у Мінску з Васілём. Як ні круці — нас з’яднаў Мінск і беларускае каханне. Таму пакуль — у Мінску. Але хочацца і свет спазнаваць. Хачу паказаць Васілю свае ўлюбёныя куткі Еўропы, Азіі і Афрыкі.

ВДМ: Жыць плануем у Мінску. Але жыццё нечаканае! Валярына хоча пабываць у Манголіі, я думаю пра Осла альбо Марока. Словам, паглядзім, куды лёс яшчэ закіне! Пакуль што па-новаму адкрываю для сябе Мінск і гатовы да самых нечаканых творчых прапаноў. З Масквы я вярнуўся не толькі з валізкамі, але і з новым прафесійным досведам у галіне дзіцячай тэатральнай педагогікі, стварэння святаў і напісання сцэнароў. Спадзяюся, гэтыя ўменні прыдадуцца і на Радзіме.

«НН»: Ці складалі вы шлюбную дамову, як многія прагрэсіўныя сем’і? Як вы ўвогуле ставіцеся да такой з’явы, як шлюбная дамова?

ВК: Я прапаноўвала скласці. Але Васіль з яшчэ большай «дыктатарскай» пяшчотай сказаў…

ВДМ: … «Я хачу быць з табой усё жыццё! Вось табе мая шлюбная дамова!»

Валярына Кустава: Такая атрымалася шлюбная дамова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?