Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ўзяла ўдзел у праграме «Буйным планам» на тэлеканале «Беларусь-1».
У адказ на пытанне аб нізкай палітычнай актыўнасці напярэдадні выбараў яна параіла кандыдатам заводзіць блогі і прысутнічаць у сацсетках.
«Калі ты збіраешся пайсці на выбары, то ствары за пяць год да выбараў блог у інтэрнэце, заводзь сабе фрэндаў, вядзі шырокую перапіску, абмяркоўвай усе — ад тэатральнай пастаноўкі да ЧС па хакеі. Будзь ўсюды, — рэкамендуе Ярмошына. — І ты так паступова станеш вядомым, дарэчы, абсалютна бясплатна практычна. І на дзяржаву няма чаго наракаць».
Якія беларускія палітыкі ёсць у сацсетках
З палітыкаў, якія заявілі пра намер баластавацца ў прэзідэнты ў 2015 годзе, на Facebook можна знайсці Анатоля Лябедзьку (яго вылучыла АГП), Таццяну Караткевіч (кандыдат ад «Народнага рэферэндуму»/»Гавары праўду», падтрыманая БНФ) і Сяргея Калякіна (яго прапануе вылучыць «Справядлівы свет»), а таксама першага намесніка старшыні ТБМ Алену Анісім (самастойна заяўляла аб намеры ўзяць удзел у выбарах).
Facebook Мікалая Статкевіча (якога некалі прапаноўвалі вылучыць у якасці кандыдата) вядуць яго родныя. Сам Статкевіч знаходзіцца ў зняволенні з выбараў 2010 года. Па словах яго адваката, у турме Статкевіч застанецца яшчэ год і 7 месяцаў.
Падтрыманы Зялёнымі «Кандыдат-дармаед» Юрый Шульган у сацсетках не быў знойдзены. Лідар ЛДП Сяргей Гайдукевіч (які таксама заявіў аб магчымым удзеле ў выбарах) у сацсетках таксама не заўважаны.
Сам Аляксандр Лукашэнка не прысутнічае ў сацсетках. Тым не меней, першакрасавіцкі жарт «Нашай Нівы» пра Instagram Лукашэнкі некаторыя СМІ ўспрынялі сур’ёзна. Прэс-служба Лукашэнкі заявіла пра адсутнасць Instagram Лукашэнкі ці іншых акаўнтаў у сацсетках.
У розных сацсетках можна знайсці багата беларускіх палітыкаў, у тым ліку былых кандыдатаў у прэзідэнты: Алесь Міхалевіч, Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук і Аляксандр Мілінкевіч.
Фрэндзіце таксама: 50 асобаў у беларускім фэйсбуку, на якіх варта падпісацца





